Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Манамах, Сын Ўсевалада Пераяслаўсага. Шмат бяды прынёс Полаччыне гэты, добра вядомы нам, вялікі князь Кіеўшчыны. Пад яго кіраўніцтвам злучаюцца паўднёвыя князі, каб руйнаваць і нішчыць нашу бацькаўшчыну, каб палоньнікамі, узятымі з яе абшару, запаўняць паўднёвыя рынкі. Два разы Яраславічы праганялі Ўсяслава з пасаду Полацкага, але ён зноў і зноў садзіўся на ім, бо яго паддзержваў народ полацкі.

Апошні паход на Полацкую зямлю адбыўся ў 1084 годзе. Ўладзімер Манамах сабраў вялізнае войска і павёў яго на поўнач. Дайшлі да Менску. Горад быў узяты і зруйнованы дарэшты. Ваякі Уладзімера, як кажа летапіс, „не оставивши ний челянина, ни скотины, вся разграбиша. и пожгоша“. Доўга пасьля Менск памінаў нядобрым словам Кіеўскага князя Манамаха.

Гэтым паходам, здаецца, і закончылася барацьба Усяслава з Яраславічамі. Полацкі князь быў ужо вельмі стары. Цяжкае, поўнае працы і барацьбы, жыцьцё засьмірыла яго буйную душу: „хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў“. Пасьля 57-годняга князяваньня пашоў гэты працаўнік спачываць у сырую зямельку свае пакутнае бацькаўшчыны, каторую ён так шанаваў і любіў. Пад 1101-м годам у летапісе запісана: „Преставися Всеслав Полотьский князь, месяца априля в 14 дзень, в 9 час дне, в среду“.

Усяславу мы павінны даць пачэснае месца ў гісторыі нашага краю. Яго праца не прайшла марна. Ен павялічыў тэрыторыю Полаччыны, прылучыўшы да яе шмат новых асабных княстваў.



Полаччына пасьля Усяслава.

Пасьля сьмерці князя-чарадзея Полаччына пачынае хіліцца данізу. Гаспадарства пачынае хварэць. Прыгарады Полацку вядуць змаганьне з іх галоўным кіруючым горадам, а таксама і паміж сабою. На чале гарадоў, якія спрачаюцца, становяцца асобныя князі Рагвалодавага роду і вядуць змаганьне, як адзін з адным, так і ўсе разам — з старэйшым Полацкім князем. У кожным горадзе на вечы ідуць спрэчкі паміж багацейшымі і бяднейшымі станамі грамадзянства. Адным словам, па абшарах Полацкай тэрыторыі ідзе нейкая палітычная і грамадзянская барацьба. З тых скупых вестак, якія прыпадкова маюцца ў летапісах, няма ніякай магчымасьці даць падробны малюнак гэтай хатняй барацьбы і выясьніць яе прычыны.

А адначасна з гэтым ідзе працяг таго змаганьня Полацкай воласьці з воласьцю Кіеўскай, каторае пачалося