Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а ўначы сам ваўком рыскаў: з Кіева ён дасягаў да Тмутаракані да першых пеўняў, ваўком перацінаючы шлях вялікаму Сонцу — Хорсу. У Полацку ў сьвятой Зофіі званы звоняць на заутраню, а ён у Кіеве званы гэтыя чуе. Хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў. Яму-то і Баян Вешчы раней яшчэ прыказку сьпяяў: ні хітраму, ні гараздаму, ні птушцы лятучай суда божага не пазбыцца“. Сваім розумам, сваім непакорным, бурным, мятучымся духам князь-чараўнік надоўга астаўся ў народным успамінку. Народ складаў аб ім казкі, пяяў песьні, казаў прыказкі. З усяго гэтага пясьняр Слова і зрабіў свой малюнак. Як у Полаччыне, так і ў Кіеўшчыне добра ведалі ўсе гэтага чалавека з вешчым духам у харобрым целе.

Пакуль яшчэ быў жывы Яраслаў Мудры, Усяслаў быў у згодзе з паўднёвымі князямі. Пасьля сьмерці Яраслава (1054 г.) у валасьцёх Кіеўшчыны сталі князяваць яго сыны, разабраўшы асобныя гарады па старшэнству. На кіеўскі пасад сеў найстаршы сын Ізяслаў з тытулам вялікага князя, на Чарнігаўскі пасад сеў Сьвятаслаў, на Пераяслаўскі — Усевалад і г. д. У першыя часы з імі Ўсяслаў жыў згодна, нават быў супольнікам у некаторых ваяўніцкіх справах паўднёвых князёў. На поўдні ў гэты час зьявіўся, на зьмену разьбітых печанегаў, новы мангольскі народ — Полаўцы. Асеўшы на сьцяпох, Полаўцы зьвярнулі на сябе ўвагу Кіеўшчыны, пагражаючы ёй кожны мамэнт. Так было аж да 60-х гадоў. З гэтага часу ізноў пачынаецца змаганьне Полаччыны і Кіеўшчыны, каторае цягнецца аж да сьмерці князя Ўсяслава. Прычыны змаганьня добра нам невядомы. Магчыма думаць, што і цяпер, як і пры Брачыславе, сварка пачалася за валоданьне Ноўгарадам.

Ноўгарад у той час належаў да Кіеўшчыны. З гэтым ніяк не магла згадзіцца Полаччына. У 1067-м годзе Ўсяслаў „вонзи стрекала і отвори врата Новуграду“. Узяўшы ў Ноўгарадзе шмат здабычы, вярнуўся Ўсяслаў у Полацак. Даведаўшыся аб гэтым, паўднёвыя князі: Ізяслаў Кіеўскі, Сьвятаслаў Чарнігаўскі і Ўсевалад Пераяслаўскі згадзіліся паміж сабою памсьціцца Полаччыне. Яны сабралі вялікую ўзброеную сілу і пашлі паходам на Менск, каторы у той час быў адным з багацейшых прыгарадаў Полацку. Ня гледзячы на абарону, Менск яны забралі. Забраўшы ў багатым горадзе шмат здабычы, павялі яны свае войскі далей па рэчцы Нямізе, цякучай у Сьвіслач, і тут сустрэліся з войскам Ўсяслававым. Маленькая рэчка 3-га сакавіка 1067-га году бачыла на берагох сваіх страшэнную бітву. Аб тым, што тут было, так пяе пясьняр Слова аб Ігаравым палку: „На Немизе снопы стелют головами, молотят цепами булатными, на току жизнь кладут, веют душу от тела. Немиги кровавы бераги ня житом были посеяны, а костьми сынов