Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

павінен быў бегчы на чужую старану, да чужых людзей. Такой стараною звычайна была Літва. Патрэбна аднак-жа сказаць, што палачане любілі і паважалі род сваіх князёў Ізяславічаў і баранілі іх, а разам з імі і сябе, ад крыўды князёў чужога роду, напрыклад, Яраславічаў Кіеўскіх.

Полацак быў найгалаўнейшым горадам воласьці. Усе другія гарады яе былі залежныя ад Полацку і лічыліся яго прыгарадамі. Такімі прыгарадамі былі, напрыклад, Менск, Віцебск, Барысаў, Стрэжаў, Усьвят, Друцк і інш. Гэтая залежнасьць датычыла толькі надворных справаў. У сваіх хатніх справах усе прыгарады былі незалежнымі і кіраваліся сваімі вечамі і князямі.



Змаганьне Полаччыны з Кіеўшчынай.

У часы закліканьня варагаў (862) Полаччына мела сваіх мясцовых князёў, аб каторых гаворыць адна з скандынаўскіх сагаў — Адмундава сага. Гэтых князёў мы ня ведаем па іменьнях. Ужо і тады былі нейкія спрэчкі між Полацкім і Кіеўскім цэнтрамі. Варагі Аскольд і Дзір, родзічы закліканых варагаў, захапілі ўладу ў Кіеве. Асеўшы тут, яны хутка ўвайшлі ў мясцовыя інтарэсы. У Ніканаўскім летапісу мы чытаем: „Аскольд і Дир воеваша Полочан ий многое зло им сотвориша“. Аскольда і Дзіра ў Кіеве зьмяніў Алег (879–912). Гэты першы гістарычна-праўдзівы кіеўскі князь пачаў цэнтраваць каля Кіева рознастайныя плямёны. Ен накладаў на іх дань, адкуль і слова „падданы“. У ліку другіх падданых плямёнаў Іпатаўскі летапіс называе і Крывічоў. Разам з Крывічамі пайшоў потым Алег на Смаленск і ўзяў без змаганьня. „Олег прия город Смоленск и посади в нем муж свой“. Аб падданьні Алегу Полацку і Дрыговічаў у летапісе зьвестак няма, але магчыма думаць, што і гэтыя землі былі ў нейкай залежнасьці ад Кіева. Так, напрыклад, летапіс, гаворачы аб „укладах“, якія браў Алег з Візантыі, называе „уклад“ ня толькі на Смаленск, але і на Полацак. „Укладам“ называўся ваенны здабытак, каторы прысылаўся Кіеўскаму князю з Візантыі. Зьвярнуўшы ўвагу на тое, што Смаленск і Полацак мелі свае асобныя ўклады, мы павінны прызнаць, што яны былі не рабамі Кіева, а яго супольнікамі ў змаганьні з Візантыяй. Гэты факт пацьвярджаецца тым, што у паходах Алега 907 і 944 году на Візантыю па летапісу, Смаленск і Полацак прыймалі ўчасьце. Праўда, Алег у далучаных гарадох ставіў сваіх „мужэй“, але яны былі ня столькі ўраднікамі, сколькі прадстаўнікамі эканамічных інтарэсаў Кіеўскага князя. Справы гарадоў і воласьцяў па звычаю вялі мясцовыя вечы і князі „под Ольгом суще“.