Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чацьверты пэрыяд гісторыі Беларусі.



Беларусь у складзе Расейскай імпэрыі.

Рускі пэрыяд гісторыі Беларусі нам усім больш-менш вядомы, бо мы зьяўляемся сучасьнікамі яго і ў падручніках агульнай рускай гісторыі мы спатыкаліся з некаторымі фактамі з гісторыі Беларусі. За адсутнасьцю часу, мы ў сваіх выкладах ад’значым толькі самыя выдатныя мамэнты гэтага пэрыяду.

Беларусь, вызваленая з складу аднэй, ужо раскіданай, дзяржавы, апынулася ў складзе другой, гэтак сама хворай дзяржавы. І Расейская імпэрыя хварэла тою самаю панскаю хваробаю, ад якой загінула і Рэч Паспалітая. Доля працоўнага народу беларускага ад палітычнай перамены не палепшылася. Прылучыўшы новыя землі, Кацярына II прыказала Пскоўскаму і Магілёўскаму губэрнатарам абвясьціць усім жыхаром краю, што яны маюць ўсе правы і вольнасьці, якімі карыстаюцца і ўсе падданыя Расеі. „Каждое состояніе из жителей присоединеных земель вступает с самаго сего дня во все оному свойственныя выгоды по всему пространству Имперіи Россійской“. Правы, вольнасьці і выгады рускага мужыка таго часу нам добра вядомы; іх і дастаў беларускі мужык. Што датычыць польскага панства на Беларусі, то яно не магло скардзіцца на сваю долю, бо яго правы, вольнасьці і выгады былі крыху прыямнейшыя, як мужыцкія. Яно, гэтае панства, і не скардзілася.

У канцы ХVIII стагодзьдзя шляхта прылучаных да Расеі земляў Рэчы Паспалітай падала рускаму ўраду адрэс. У гэтым адрэсе яна піша: „Живя не в Польше, мы чувствуем себя как-бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше“. Так адчувала сябе польскае панства на Беларусі.

Для мужыка было іншае: паншчына і прыгон на Беларусі расцьвілі пышнаю краскаю. Усе, хто бачыў, кажуць, што ўва ўсей Расеі ня можна было знайсьці горшага мужыцкага палажэньня, чым на Беларусі. У Расеі паміж панам і мужыком была толькі соцыяльна-эканамічная яма, а на Беларусі былі і другія ямы: рэлігійная і нацыянальна-культурная.