Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У 1794 годзе паўстаньнем былі захоплены такія гарады, як Кракаў, Варшава, Вільня і Горадзен. У Варшаве злажыўся часовы ўрад, каторы абвясьціў вайну Прусіі і Расеі. Дыктатарам гаспадарства і галоўнакамандуючым арміі быў абраны гэнэрал Тадэуш Касьцюшка, чалавек вялікага розуму, выдатнай храбрасьці і дэмакратычных паглядаў. Пабеды, адзержаныя паўстанцамі над асобнымі групамі русскіх войскаў і гарнізонамі гарадоў, страшэннае збойства ў Варшаве 2000 рускіх салдатаў паддзержалі настрой паўстанцаў. Паўстаньне пашыралася на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Валыні і Беларусі.

Першым увайшоў з войскамі на землі Польшчы прускі кароль з заходняга боку Польшчы. Выправіла свае сілы Аўстрыя, заняўшы паўднёвыя землі. Кацярына II, баючыся што Рэч Паспалітая зробіцца „гибельным горном, угрожающим спокойствію і безопасности соседей“, пакіравала свае войскі з усходу пад кіраўніцтвам Румянцава і Суворова. Доля Рэчы Паспалітай вырашылася ў бойцы паміж рускімі і польскімі войскамі пад Мацеевіцамі, недалёка каля Варшавы. Польскія войскі былі разьбіты, Касьцюшка быў паранены і ўзяты ў палон. Пасьля крывавага штурму была забрана ваколіца Варшавы, Прага (1794). Варшава павінна была здацца. У горад былі ўведзены, апроч русскіх, аўстрыйскія і прускія войскі. Па ўсім краі паўстанскія групы былі зьнішчаны. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІV (Станіслаў Панятоўскі), адрокся ад пасаду і пераехаў на жыцьцё, спачатку ў Горадзен, а потым у Пецярбург, дзе і сканаў праз некалькі гадоў. Паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расеяй адбыўся апошні, трэці разьдзел Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Расея з гэтага разьдзелу дастала заходнюю часьць Беларусі і ўсходнюю часьць Літвы, што злажыла губэрні: Віленскую, Горадзенскую і Ковенскую. Апроч таго, да Расеі была прылучана і Украіна да Заходняга Бугу. Аўстрыя і Прусія прылучылі да сваіх тэрыторыяў рэшту польскіх земляў. Дзяржава Рэч Паспалітая перастала істнаваць, а Беларусь увайшла ў склад земляў Расейскай Імпэрыі. Пачаўся новы пэрыяд гісторыі Беларусі.