Як на выключэньне, можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літоўска-Беларускага гаспадарства ваяўніцкім шляхам. Але і тут ня было дружнага адпору. Яшчэ раней у Смаленску была грамадзянская партыя, каторая спачувала і цягнула да Літвы. Прадстаўнікі гэтай партыі адчынілі гарадзкую браму літоўска-рускаму войску, і яно амаль што без перашкод і збойства ўвашдо і заняло Смаленск.
Наогул можна сказаць, што насельнікі быўшай Полацкай дзяржавы бяз протэсту прынялі ўладу новага гаспадара, каторы прыносіў з сабою абарону ад моцных суседзяў і даваў спакой і адпачынак ад міжусобнай хатняй барацьбы.
Нам вядома, што ў гісторыі полацкага пэрыоду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Яно было тым цэнтрам, дзе групаваліся экономічныя і політычныя інтарэсы воласьці і гораду. Новая дзяржаўная ўлада, якая організавалася ў Полацкай Русі, не нарушыла гэтай старажытнай, агульнарускай ідэі народапраўства. Наадварот, зьбірацелі заходняй часткі рускага племя, літоўскія вялікія князі, асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат Літоўска-Беларускіх гаспадароў, якія даваліся імі асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія вельмі цікавыя словы: «Гаспадар старыны не нарушае і навіны ня ўводзе». Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уходзячы ў склад новага гаспадарства, не адходзіла ад сваіх старых традыцый і зьберагала свой твар. Ніякай ломкі хатніх звычаяў яна не перажывала.
Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, дзе навокала Масквы таксама пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы — усходняй, Маскоўскай Русі. Масква, зьбіраючы Русь, паступова і няўхільна касуе на сваіх абшарах старарускую ідэю народапраўства. Тут увесь час будзе расьці моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць цьвёрды грунт для бязупыннай сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, змушаная ўвайсьці ў склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе згубіць свой асабісты твар, свае старажытныя звычаі і традыцыі. Маскоўскае самаўладзтва сваёй цяжкаю рукою будзе касаваць тэрыторыяльную індывідуальнасць абласьцей