Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў хатнія справы Літвы і Беларусі. Змагацца з імі зброяю яшчэ ня было магчыма. І Мэндаўг, добра ведаючы, што барацьба з немцамі прывядзе гаспадарства да гібелі, стрымліваў іх, робячы ім усялякія ўступкі і пасылаючы ім падарункі. Каб лепш забясьпечыць сваё гаспадарства ад нападаў крыжакоў, ён прыняў нават у 1250 годзе вадохрышча. Само сабою разумеецца, што гэта вадохрышча мела выключна толькі політычны кірунак і «было льстіво», як кажа летапісец. Перамяніўшы сваю веру і зрабіўшыся офіцыяльна хрысьціянінам, Мэндаўг у сваёй істоце ніколькі не перамяніўся. Ён, як і раней, прыносіў ахвяры сваім старым паганскім багом, верыў сваёю старою вераю: выходзячы на паляваньне, ён заўжды, як і раней, асьцерагаўся і баяўся, каб заяц не перабег яму дарогі, а калі гэта бывала, то ён варочаўся да хаты.

Праз нейкі час выявілася ўсё-ж такі, што гэтае «льсьцівае» вадохрышча не забясьпечыла Літвы ад нападаў немцаў, каторыя, як і раней, не давалі Мэндаўгу спакою. Абачыўшы гэтае і пераканаўшыся, што дабром ад крыжакоў нічога не дабіцца, ён зрокся хрысьціянства, стаў на чале абуранага нямецкімі нападамі народу і так разьбіў ордэнскія войскі, што яны доўгі час памяталі гэтую навуку і ўстрымліваліся ад паходаў на літоўска-беларускія землі.

Асобныя літоўскія князі былі вельмі нездаволены самаўладзтвам Мэндаўга. Мясцовыя сэпаратыўныя пажаданьні падтрымлівалі іх настрой. Ня маючы ўсё-ж такі моцы адкрыта, са зброяю ў руках, змагацца з Мэндаўгам, яны ўчынілі патаемную змову. Золата адчыніла ім моцна замкнутыя дзьверы да спальнага пакою гаспадара. Напаўшы на сьпячага князя, яны забілі яго разам з двума малалетнімі сынамі. Так скончылася першая самаўладная спроба пабудаваць Літоўска-Беларускае гаспадарства.

Забіўшы Мэндаўга, змоўцы пачалі дзяліць захопленую ўладу паміж сабой. Тым ня менш, кожны з іх разумеў, што грунтоўным кірункам політычнага жыцьця Літвы і Белай Русі зьяўляецца злучэньне ўсіх зямель. Кожны з іх лічыў, што выкананьне гэтай мэты павінна быць зроблена яго рукамі і што будучае першае месца ў гаспадарстве павінна быць за ім. Зноў пачынаецца барацьба за вярхоўную ўладу паміж тымі, хто ня мог выцярпець цяжару вярхоўнай улады Мэндаўга.

У пачатку ўладу атрымаў адзін з супернікаў, князь