Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вінаў, як мы казалі, організацыя дзяржаўная. Яна была таксама як-бы адказам на другі ўціск, уціск з захаду, з боку немцаў. Гэты ўціск на Літву пачаўся крыху пазьней.

Першы раз немцы зьявіліся ў утоку Заходняй Дзьвіны каля палавіны XII сталецьця. Існуе такое паданьне, што немцы пазнаёміліся з літоўскім краем і яго насяленьнем зусім выпадкова. Марская бура прыбіла сюды іх карабель, і з гэтага часу яны пачалі езьдзіць сюды ўжо па сваёй волі. Заявіліся немцы падобраму: бяз зброі, бяз шуму, ціха і згодна, як простыя гандляры, шукаючы карыснага памену. Праз нейкі час, разам з гандлярамі, прыехаў сюды сьвяшчэннік Мэйнгард. Лівонская кроніка так піша аб гэтым: "Названы сьвяшчэньнік (Мэйнгард) атрымаў дазвол ад полацкага караля Вольдэмара (Уладзімера), якому паганскія лівы плацілі дань, а разам з тым і падарункі ад яго, і, прапаведуючы хрысьціянства, пабудаваў царкву ў вёсцы Укэсколе (Уксэкуль). За ім пасьпяшылі зьявіцца і другія місыянэры. Трымаючы ў руцэ сакрамант і крыж, за пазухаю мелі яны добры камень для сваіх духоўных авечак". Гэта відаць з таго, што сьледам за царквою хутка тут ужо будуецца высокі, моцны замак, муры і вежы каторага пануюць над абшарамі акружных лясоў і балот. Гэты замак рабіў місыянэраў панамі ня толькі над душою, але і над целам мясцовага люду і даваў ім магчымасць мець ня толькі моральную, але й політычную моц.

Раней, калі літвіны і іх суседзі лівы бачылі ў прышлых людзях прапаведнікаў і пашырыцеляў новай веры, яны прыслухаліся да іх слоў і зварачалі нейкую ўвагу на новыя праўды. Але з цягам часу адносіны іх да гэтых людзей з крыжамі ў руках зьмяніліся. Мясцовыя жыхары сталі добра прыглядацца да чужынцаў і хутка пабачылі, што місыянэры ня так цікавяцца сваім духоўным уплывам, як пашырэньньем і ўзмацненьнем сваёй улады ў гэтым краі. Таму, хто прыняў вадохрышча, прышлося цяпер плаціць ня толькі дань полацкаму князю, але і дзесяціну каталіцкай царкве. Пасьля гэтага яны ня надта ахвотна сталі слухаць прапаведнікаў, а потым і зусім перасталі.

Праз нейкі час мы бачым, што ўжо ў Літве выбухаюць паўстаньні. Часта нямецкіх місыянэраў, разам з гандлярамі, праганяюць з краю. Літвіны і лівы, прыняўшы вадохрышча, пры першай магчымасьці зноў