карысць, павінны былі эміграваць з бацькаўшчыны і шукаць для сябе новай лепшай долі на Літве. Воляю ці няволяю асядаючы тут, яны станавіліся як-бы правадырамі ў новую тэрыторыю тэй культуры і організацыі, каторая была ў пакінутай імі Полаччыне. Разам з уцекачамі прыходзіў на Літву і капітал і ваенная моц. Уцекачы-князі групавалі вакол сябе дружыньнікаў з літвінаў, знаёмілі іх з тэй ваеннай організацыяй, якая была добра знаёма ім самым. Часта, скарыстаўшы згрупованую імі літвінскую ўзброеную сілу, князі-ўцекачы вялі яе на барацьбу проціў Полаччыны. Адсюль толькі адзін крок да таго, каб літвіны бяз прызыву і без ініцыятывы прышлых князёў, па сваёй добрай волі і ахвоце пачалі мяшацца ў жыцьцё Полаччыны. Так яно і сталася з працягам часу: літвіны з пасыўнага матэрыялу рабіліся актыўным суседам Полаччыны. Прыходзячы ў Полаччыну і ўмешваючыся ў яе хатнія справы, літвіны яшчэ лепш і шчыльней маглі падыйсьці і звыкнуць да організацыі і культуры, якую бачылі ў Полаччыне.
Такім спосабам, паходы паўднёвых і асабліва заходніх рускіх князёў на Літву пачалі гуртаваць раскіданыя літвінскія пляменьні, каторыя павінны былі бараніцца і для гэтага гуртавацца. Поруч з гэтым Полацкая Русь рабіла культурны ўплыў на Літву праз сваіх эмігрантаў. Усё гэтае пачало на Літве організацыйны рух. Спачатку злажылася вайсковая організацыя і потым толькі організацыя накіравалася на дзяржаўны шлях.
У канцы XII сталецьця Літва ўжо выступае на гістарычную арэну. Яна ўжо робіць акуратныя паходы на Полаччыну, маючы на мэце прылучэньне да Літвы новых тэрыторый. Пачаўшы з абароны, яна потым перашла да нападу. Адзін з такіх момантаў нападу на Полаччыну апісвае пясьняр слова аб Ігаравым палку: "Мутна цячэ Дзьвіна ў палачан пад грозным клікам Літвы паганскай. Толькі адзін Усяслаў, сын Васількоў, пазваніў вострымі мячамі аб шаломы літоўскія, думаючы аб славе дзеда свайго Ўсяслава, але сам ён ужо ляжыць на крывавай руні, пад шчытамі чырвонымі, пацяты мячамі літоўскімі. Ня было з ім брата Брачыслава і другога брата Ўсевалада. Адзін ён выраніў душу з харобрага цела праз залатое ажарэльле". Як відна з гэтай выняткі, Літва часта мела ўжо перавагу над Полаччынай: Літва будавалася, Полаччына раскідалася.
Сьледам за вайсковаю організацыяй пачалася ў