Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падымалася званіца нямецкай царквы заходняга звычаю і вежа ратушы. Жыхары чужаземнай слабады мелі свой урад. На чале колёніі стаяў абраны старшыня з абранымі райцамі, каторыя ўтваралі суд над сваімі землякамі і вялі адміністрацыйныя справы.

Паміж асобнымі гарадамі Полацкай Русі, з аднаго боку, і нямецкімі гарадамі, з другога боку, утвараліся дагаворы аб узаемных правох і абавязках. З гарадоў Полаччыны, што мелі дагаворы, можна назваць такія, як Полацак, Смаленск, Віцебск, Менск; з нямецкага боку можна назваць: Данцыг, Брэмэн, Любэк, Мюнстэр, Рыгу, востраў Готлянд. Найцікавейшыя па сваёй апрацованасьці з усіх дагавораў — гэта Смаленскія дагаворы; з іх злажылася так званая «Смаленская Тарговая Праўда». З асобных артыкулаў Смаленскай Праўды мы бачым, якія былі ў той час адносіны паміж купцамі Полацкай Русі й немцамі і наадварот. Перш за ўсё мы бачым, што абедзьве з дагаворных старон маюць права ўвозіць тавары бяз мытных збораў. Пры вывазе тавару гандляр павінен плаціць дакладна вызначаную вагавую павіннасьць. Калі трэба мець справу з абяднеўшым пазычацелем, то першыя выплаты з яго праданай маемасьці на тэрыторыі Полацкай Русі йдуць да немца, а ў Нямеччыне — да беларуса. Каб працягнуць на свае рынкі чужаземныя капіталы, князі давалі нямецкім купцом розныя прывілеі. З такіх прывілеяў трэба адзначыць «волачную прывілею». Справа ў тым, што вялікі водны шлях, як мы ўжо казалі вышэй, праходзячы праз Полаччыну, у двох мясцох перарываўся: паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіною і паміж Заходняй Дзьвіною і Лавацьцю. Тут з таварамі было шмат клопату. Іх трэба было выгружаць з барак, перакладаць на хурманкі; на Дзьвіне зноў нагружаць у баркі і потым перакладаць на хурманкі, каб везьці да Лаваці; на Лаваці зноў нагружаць у баркі для далейшага шляху. Гандляру-палачаніну, як мясцоваму чалавеку, было куды лягчэй рабіць гэтую перагрузку тавару, чым купцу чужаземнаму. Каб дапамагчы на волаках чужаземцам, ім быў дадзены прывілей на тое, каб атрымліваць хурманкі ад мясцовага насяленьня. Княжацкі ўраднік, каторы меў дагляд за волакамі, павінен быў для чужаземных купцоў паставіць патрэбны лік хурманак ад мясцовых жыхароў па вызначанай таксе. Апроч таго, чужаземны гандляр быў на першай чарзе па адпраўцы, калі ў волаку зьбіралася многа народу і тавару.