дзям нічога больш не аставалася рабіць, як зьвярнуцца да боскай дапамогі. На запытаньне пасланцоў ад народу дэльфійскі оракул даў такі адказ: атрымае верх тая старана, дзе загіне цар. Калі гэты адказ зрабіўся вядомым Кодру, то ён намысьліў прынясьці ў ахвяру за народ сваё жыцьцё. Апрануўся ён у драную вопратку, павесіў на старыя плечы жабрацкую торбу і, зусім непадобны да цара, патаемна ад сваіх падданых, пашоў у варожы стан. Тут ён сумысьля пачаў нейкія спрэчкі з сустрэчнымі людзьмі, і ворагі, ня ведаючы, што гэты стары, абадраны жабрак ёсьць атэнскі[1] цар, у зусім прыватнай спрэчцы забілі яго. Толькі пасьля гэтага даведаліся яны аб тым, што сказаў дэльфійскі бог, і аб тым, хто такі ёсьць забіты імі жабрак. Гэта адняло ў іх усю сілу. Не спадзяючыся ўжо перамагчы атэнян, бо з боку апошніх загінуў цар, ворагі хутка сабраліся і адышлі ад абложаных Атэн, сталіцы Атыкі. Атэняне, вызваліўшыся ад няпрыяцеляў па ахвяры свайго цара, сабраліся на сход і зрабілі пастанову, каб не абіраць больш цара, бо другога такога цара, як Кодр, немагчыма знайсьці. Такім спосабам, у Атыцы была заложана рэспубліка. Трэба толькі адзначыць, што гэтая новаўтвораная рэспубліка была не дэмократычная, а арыстократычная.
Гістарычная навука ў гэтым старажытным дзіцяча-наіўным паданьні ўгледзела далёкі адгалосак барацьбы за ўладу багацейшых і заможнейшых станаў гаспадарства з царамі, каторыя абмежавалі іх экономічную і політычную моц. Цары былі тым небясьпечны для арыстократаў, што яны маглі аперціся на дэмос, на просты люд, і ўвайсьці ў барацьбу з арыстократамі. Такое самае здарэньне адбылося і ў Атыцы. Скарыстаўшы момант, атэнская арыстократыя скасавала царскую ўладу, каб узмацніць сваю ўласную ўладу, і заснавала олегархічную, арыстократычную рэспубліку. Паміж іншымі, у Атэнах дэмос нядоўга цярпеў арыстократычную рэспубліку. Ен згрупаваўся ўкола Пізыстрата, прагнаў прыхільнікаў арыстократычнай рэспубліканскай улады і аддаў яму дзяржаўную ўладу. Разумеецца, што Пізыстрат, атрымаўшы ўладу ад дэмосу, у далейшым сваім кіраваньні на яго і апіраўся. Для дэмосу, пэўна, больш была прыемна дэмократычная ўлада аднаго чалавека (монарха), чым арыстократычная ўлада некалькіх заможных асоб (рэспубліка-олігархія).
Трэба думаць, што таксама мелася справа і ў
- ↑ Атэнскі — Афінскі; Атэны — Афіны.