Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

леньнем і князем. Тут гаспадаром жыцьця становіцца князь. Юры Доўгарукі, потым яго сын Андрэй Богалюбскі найбольш разьвярнулі тую сваю княжацка-гаспадарскую працу. Хоць яны і кіеўскія князі, але традыцыі Кіеву ўжо чужыя для іх. Расьце і ўзмацняецца тая Растова-Суздальская тэрыторыя Русі, якая дагэтуль ня мела вялікага значэньня. Усе сілы гэтай тэрыторыі йдуць на яе ўзрост, і ёй зараз не да Полаччыны. Усё гэта давала Полаччыне магчымасьць зноў прыняцца за спакойную працу і адпачываць ад таго цяжкага жыцьця, якое выпала на яе долю ў першай траціне XII сталецьця.

Пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча, у 1180 годзе, мы бачым у гісторыі Полаччыны надта цікавае здарэньне. Летапіс апісуе яго так: Усяслаў Васільковіч быў дужа паважаны народам князь. Меў ён пашану ня толькі ад князёў Полацкай зямлі, але і ад простага люду. Усе яго паважалі за яго розум, справядлівасьць і дабрату і называлі нават вялікім. Калі ён памёр, то веча, пераконанае ў тым, што другога такога князя немагчыма знайсьці, каб не зьняважыць нябожчыка, не абрала аніякага князя і ўхваліла ў Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, каторыя і кіравалі рэспублікай некалькі год, да 1190 году.

Немагчыма згадзіцца з тым, што рэспубліка ў Полацку ўтварылася толькі дзеля таго, што веча не знашло дастойнага кандыдата на месца князя. Ня можна згадзіцца і з тым, што веча не абрала князя толькі затым, што яно ніяк не магло разабрацца ў лініях сваяцтва князёў. Мы ведаем, што веча ня лічыла для сябе абавязковым пры абраньні князя кіравацца яго старшынствам. Князем абіраўся той, хто больш здавольваў умовам веча. Трэба, такім спосабам, шукаць другіх, больш грунтоўных прычын для такой політычнай падзеі, як перамена формы кіраваньня.

Каб дайсьці да прычыны заснаваньня рэспублікі ў Полаччыне, зьвернемся да параўнаўчага мэтоду. Мы зробім адзін успамінак з паданьняў старажытнай Эльляды, каторы надта падобен на наша паданьне і ўжо выяўлен гістарычнаю навукаю.

Быў калісь у Атыцы ў незапомныя часы адзін цар, імем Кодр. Паданьне гаворыць, што народ вельмі любіў і паважаў яго за яго добрае, справядлівае кіраваньне. І вось адзін раз напалі на Атыку дужыя ворагі, ад каторых ня было ніякай магчымасьці абараніцца. Лю-