Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Магілёўскай гімназіі, якую скончыў у 1902 г. Дзеля атрымання вышэйшай адукацыі ён запісаўся на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Аднак закончыць універсітэт яму не ўдалося. З юнацтва Ігнатоўскі прымаў удзел у рэвалюцыйным руху. У 1901 — 1917 гг. ён быў членам партыі эсэраў. За ўдзел у рэвалюцыйным руху яго не раз арыштоўвалі. У 1905 годзе Ігнатоўскі быў арыштаваны і высланы з сталіцы расійскай імперыі на радзіму, у Брэсцкі павет. Толькі ў канцы 1906 г. яму было дазволена вярнуцца ў Пецярбург і наведваць лекцыі. Аднак праз кароткі час Ігнатоўскі быў звольнены з універсітэта і высланы ў адміністрацыйным парадку з Пецярбурга на поўнач, у Аланецкую губерню. Пасля адбыцця ссылкі яму было забаронена жыць у пяці найбуйнейшых гарадах Расіі. З вялікімі цяжкасцямі, дзякуючы настойлівасці Ігнатоўскага і ягонай прагнасці да ведаў яму ўдалося ў 1908 г. дабіцца прыёму ў Юр'еўскі, або Дорпацкі (цяпер Тартускі), універсітэт. У 1911 г. ён паспяхова скончыў універсітэт.

Пасля заканчэння універсітэта Ігнатоўскі паехаў у Вільню і там працаваў настаўнікам у прыватнай гімназіі Вінаградавай. Калі ж у Мінску быў адчынены настаўніцкі інстытут, ён быў прызначаны туды ў 1915 г. выкладчыкам гісторыі, а пасля і старшынёй педагагічнага савета. Апрача выкладання гісторыі ў інстытуце Ігнатоўскі аддаваў шмат часу навукова-даследчай працы ў галіне гісторыі Беларусі, якая тады яшчэ нараджалася. Навуковую працу ён пачаў яшчэ ў ссылцы. У 1915—1920 гадах Усевалад Ігнатоўскі быў выкладчыкам, а потым прафесарам Мінскага настаўніцкага (з 1919 г. — педагагічнага) інстытута. У 1915 г. падчас набліжэння германскай арміі да Мінска Ус. М. Ігнатоўскі разам з інстытутам эвакуіраваўся ў Яраслаўль. У 1915 г. ён удзельнічае ва ўтварэнні аўтаномнай эсэраўскай арганізацыі левага накірунку «Наш край», якая займала рэвалюцыйна-дэмакратычныя пазіцыі. Сам Ус. М. Ігнатоўскі ўжо набудзіўся да рэвалюцыйнага беларускага нацыянальнага руху. Падчас выкладання ў Мінскім настаўніцкім інстытуце ён распрацаваў курс лекцый, які стаўся асновай ягоных кніг па гісторыі Беларусі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Ус. М. Ігнатоўскі, які знаходзіўся ў гэты час на платформе левых эсэраў, удзельнічаў разам з імі ў арганізацыі Савета рабочых дэпутатаў у Яраслаўлі (побач з бальшавікамі). У маі 1917 г. арганізацыя «Наш край» пераўтвараецца ў арганізацыю «Маладая Беларусь», пракрама якой у той час была набліжана да праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады. Ужо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1918 г., Ус. М. Ігнатоўскі наладзіў кантакты з Белнацкомам (аддзелам Народнага камісарыята па справах нацыянальнас-