Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цей) і беларускімі секцыямі РКП(б). Улетку 1918 г. Ігнатоўскі разам з выкладчыкамі Мінскага настаўніцкага інстытута вяртаецца ў Мінск. Ад лютага 1918 г. да снежня 1918 г. Мінск знаходзіўся ў зоне германскай акупацыі. У гэты момант Беларуская сацыялістычная грамада знаходзілася на мяжы распаду з-за сур'ёзных рознагалоссяў паміж левым і правым крыламі гэтай партыі. У выніку расколу БСГ з яе левага крыла была створана Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у склад якой увайшоў Ус. М. Ігнатоўскі ў верасні 1918 г. Ён таксама ўвайшоў у склад ЦК гэтай партыі як прадстаўнік аўтаномнай (у межах партыі) арганізацыі «Маладая Беларусь». Праграма гэтай партыі найбольш адпавядала ў той час ягоным палітычным перакананням, якія складваліся яшчэ ў часы ягонай рэвалюцыйнай дзейнасці падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. У ЦК БПС-Р Ігнатоўскі займаў крайнія левыя пазіцыі, выступаючы за супрацоўніцтва з падпольнымі бальшавіцкімі арганізацыямі.

Пасля вызвалення Беларусі ў снежні 1918 г. Ус. М. Ігнатоўскі не прымаў удзелу ў актыўнай палітычнай дзейнасці, займаючыся педагагічнай і культурна-асветніцкай працай. Ён арганізоўваў курсы беларусазнаўства, удзельнічаў у адкрыцці беларускіх школ і культурна-асветных устаноў.

Падчас польскай акупацыі большай часткі тэрыторыі Беларусі ў 1919-1920 гг. Ус. М. Ігнатоўскі вёў падпольную барацьбу супраць польскіх акупантаў, узначальваючы левую плынь партыі беларускіх эсэраў — арганізацыі «Маладая Беларусь». У снежні 1919 г. па ягонай ініцыятыве гэтая арганізацыя адкалолася ад партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ігнатоўскі разам з рэвалюцыйна настроенымі членамі арганізацыі, у ліку якіх былі С. Булат, Міхась Чарот, А. Сташэўскі, І. Каранеўскі, 1 студзеня 1920 г. стварылі ў Мінску арганізацыйны цэнтр Беларускай Камуністычнай арганізацыі (БКА), які часова ўзяў на сябе абавязкі ЦК БКА і заявіў аб прызнанні праграммы і тактыкі РКП(б). Ус. М. Ігнатоўскі напісаў праграмны дакумент, у якім гаварылася, што БКА вядзе барацьбу за аднаўленне Савецкай Беларускай Рэспублікі, спадзяецца на дапамогу Савецкай Расіі, з якой Савецкая Беларусь знаходзіцца ў фэдэратыўнай сувязі.

БКА спачатку складалася галоўным чынам са студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага педагагічнага інстытута, але хутка пачала пашыраць свае ўплывы, адлюстроўваючы інтарэсы пэўных слаёў беларускага сялянства і інтэлігенцыі, якія займалі пазіцыі супрацоўніцтва з бальшавікамі ў барацьбе супраць польскіх акупантаў.

У канцы лютага 1920 г. у Мінску адбылася нарада прадстаўнікоў падпольных груп, на якой быў абраны