кіх элементаў, каторыя часта праходзілі праз Русь з поўначы на поўдзень і часта асядалі па мясцох. Як вербаваўся ў князі гэты прышлы элемент, можна бачыць, напрыклад, з летапіснага паданьня аб закліку князёў-варагаў — Рурыка, Сінявуса і Трувара. Маглі быць здарэнні, калі варагі бралі на сябе ўладу і бяз закліку, проста сілаю зброі. У Полацкую Русь норманы-варагі пападалі як з поўначы, так і з захаду, ідучы сюды з дружынамі па Заходняй Дзьвіне. Валасныя князі, як ужо было сказана вышэй, мелі выканаўчую ўладу ў сваёй воласьці. Найчасьцей ім прыходзілася весьці ваяўніцкую працу: яны баранілі тэрыторыю воласьці і яе маетнасьць ад ворага і рабілі з сваёю дружынаю паходы на суседнія варожыя воласьці і на чужаземныя краі. Апроч таго, князь з дружынаю рабіў адміністрацыйную работу, чыніў суд і расправу і павінен быў пільнаваць гандлёвыя шляхі й караваны, якія ішлі праз яго воласьць.
Законадаўчая ўлада ў воласьці належала да веча, або да народнага сходу. Веча зьбіралася ў найгалоўнейшым горадзе воласьці-княства. Веча запрашала князя, гадзілася з ім; калі князь нарушаў пастаўленыя яму ўмовы, яно «паказывало князю пуць», іначай кажучы, адбірала ад яго княжую ўладу. Веча выдавала ўсялякія пастановы для насельнікаў воласьці, абірала ўраднікаў[1] на патрэбныя пасады, адбірала ў іх даныя пасады. Веча абвяшчала войны і рабіла згоду з суседзямі. Улада веча шырылася ня толькі на горад, але й на ўсю воласьць, якая цэнтравалася ўкола гораду, і вёскі, якія параскіданы па ўсяму княству. Пры гэтым меншыя ў воласьці гарады лічыліся прыгарадамі галоўнага гораду. Кіеўскі летапісец так гаворыць аб уладзе веча: «Новгородці ізначала, і Смольняне, і Кіяне, і Полочане, і вся власті (воласьці), яко же на думу, на веча сходятся; на что-же старейшіі сдумают, на тым і прыгороді станут». Веча ў воласьці мела магутную моц. Усякі жыхар воласьці павінен быў слухаць яго голасу, у тым ліку і князь, які быў, як мы казалі вышэй, толькі наймітам веча.
Звычай вечавога народапраўства існаваў як у Кіеўшчыне, так і ў Полаччыне з незапомных часоў. Як рабіліся справы на вечах, мы мала ведаем, бо ад вечавых сабраньняў не засталося да нашага часу аніякіх пісаных дакументаў. Па тых невялічкіх вестках, якія мы маем, на вечавы сход жыхары зьбіраліся
- ↑ Ураднік — службовая асоба, чыноўнік.