У шырокіх колах грамадзянства паўстаў вялікі попыт на гісторыі асобных тэрыторый, асобных народаў, асобных кляс. Агульныя курсы перасталі здавальняць чалавека, бо ён не знаходзіў там адказаў на запытаньні бягучага рэволюцыйнага руху. Паўстаў попыт і на гісторыю Беларусі і асобкых яе кляс, на што раней не зварочвалі ўвагі, як на нешта маленькае і няпрыметнае.
Цяжкую працу прыходзіцца цяпер рабіць таму, хто ставіць сабе за мэту працаваць над гісторыяй асобнай тэрыторыі, напрыклад Беларусі. Раней вайна імпэрыялістычная, потым вайна міжнародна-соцыяльная зруйнавала край, які ўвесь час быў арэнай барацьбы. Эвакуацыі на ўсход і, асабліва, на захад зусім зьнішчылі край ня толькі экономічна, але і навукова-культурна. Няма гістарычных крыніц і матэрыялаў, няма падручнікаў. Бушуе рэволюцыйны гураган, урываецца ў габінэты навуковай працы і не дае магчымасьці спакойна і роўна працаваць. Апроч таго, мы ўсе вельмі звыклі да старых мэтодаў. Ніяк ня ўмеем мы працаваць над тым, што здаецца нам невялікім і дробным. Мы прызвычаіліся лёгка глядзець на прыватнае і дробнае і не даваць яму сапраўднага значэньня, а часам мы і зусім дробнага ня бачым.
Цяпер трэба пісаць і працаваць іначай. Мы павінны з гары спусьціцца ўніз, каб тут, унізе, а не з вышыні птушынага лёту, рабіць нашу працу. Калі налавек з вышыні птушынага лёту глядзіць уніз, усё здаецца яму гладкім, роўным і аднастайным: зьнікаюць з вачэй этнографічныя і клясавыя межы, кліматычныя і іншыя адзнакі. Чалавек з гары бачыць толькі агульны плян і ня можа прыглядзецца да асабістасьцяй малюнку. Каб добра разглядзець дэталі малюнку, трэба спусьціцца ўніз.
Узяўшы ў рукі ясны ліхтарык, павінны мы крок за крокам абыйсьці мінулае нашай бацькаўшчыны. І ніводзін куточак нашага многапакутнага жыцьця ня можа і не павінен астацца бяз нашага стараннага агляду. І калі ўсе, нават найцямнейшыя куточкі жыцьця ня толькі кожнага народу, але і соцыяльных груп гэтага народу будуць вядомы, тады толькі будзе магчыма ўзяць крыльле вольнай птушкі, падняцца ўверх і адтуль з вышыні паглядзець на жыцьцё ўсіх народаў. Такі агульны агляд будзе індукцыйным аглядам. Пабудованы такім спосабам агульны курс будзе сапраўдным і карысным курсам.
Але раней трэба ўзяцца за чорную працу, за дробную працу. Ужо прышоў і для Беларусі час гэтай працы, час індукцыйнай будоўлі. Над струхлелымі крыжамі бацькоў паднялася новая маладая Савецкая Беларусь. Цяжкаю працаю і жыцьцёваю політыка-соцыяльнаю барацьбою здабывае яна сабе месца сярод сясьцёр сваіх, іншых савецкіх рэспублік.