Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

срэбрам і золатам, а сам жыве ў мокрай яме, заткнуўшы анучамі дзіркі ў хаце. Хата селяніна «і цячэ, і гніе, і крывая, у сярэдзіне гной і стаіць на гнаі». Ад цяжкай працы, ад холаду і голаду, ад цемры й беднасьці вымірае беларускі селянін. Разам з ім вымірае і яго мова, «каторую мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай». Аўтар адмоўна адносіцца да так званай «эпохи великих реформ», якою захапляюцца рускія лібэралы. Вызваленьне сялян яго зусім не здавальняе. Вызвалены селянін ня вышаў на лепшы шлях. Па гэтым пытаньні Багушэвіч піша так: «А цяпер? Ой, штосьці кепска выходзіць! Цяпер ці ня болей настала паноў? Ня надта свабодна ў гэтай свабодзе. I давай я лічыць паноў новых зноў: стараста, соцкі, пісар, старшыня, пасрэднік, ураднік, асэсар і суд, зьезд міравы і сход... Аж паднялася са страху чупрына, аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот».

Вёска глуха шуміць. Опозыцыя забітай вёскі перадаецца вучнёўскай моладзі, якая «вышла ў людзі» з беларускай вёскі. З 90-х год у гарадох і мястэчках засноўваюцца рэволюцыйныя і соцыялістычныя гурткі, каторыя, вырасшы на народніцтве, тым ня менш знаёмяцца з марксызмам, які зашоў у гарады на Беларусь. К канцу XIX сталецьця вясковы рэволюцыйны рух расьце і мацнее. У 1902 годзе ўжо засноўваецца «Беларуская Рэволюцыйная Партыя», каторая ў 1903 годзе рэорганізуецца ў «Беларускую Соцыялістычную Грамаду». Вырасшы ў сутнасьці з народніцкіх каранёў, яна тым ня менш носіць на сабе і адзнакі марксызму.

Для беларускага гораду зьяўляецца тыповым марксысцкі рабочы рух, ахварбованы ў гэбрэйскі нацыянальны тон. Тут ужо з 80-х год зьявіліся культурна-асьветныя гурткі, каторыя потым вырасьлі ў масавыя рабочыя экономічныя організацыі, як, напрыклад, касы ўзаемадапамогі і стачачныя касы. Калі праца зрабілася масавай і спаткалася з масавым гэбрэйскім рабочым, то ў абыход гурткоў стала ўваходзіць гэбрэйская мова. Організацыі расьлі сярод рабочай, у падаўляючай большасьці, гэбрэйскай масы, будуючыся на клясавым грунце. Трэба было аформіць гэты pyx i ўтварыць для яго кіраўнічы цэнтр. У 1897 годзе гэта было дасягнута заснаваньнем «Агульнага Гэбрэйскага Рабочага Саюзу ў Літве і Польшчы», вядомага ўсім пад назваю «Бунду».

У 1898 годзе ў Менску, пры ўдзеле Бунду, адбыўся