сілком сабрала ў Беларусь гэбрэйскія масы. Так званыя «временные правила 1882 г.» утварылі ў «мяжы аселасьці» яшчэ адну мяжу: гэбрэям і на тэрыторыі Беларусі было забаронена жыць за межамі гарадоў і мястэчак. Гарады і мястэчкі перапоўніліся гэбрэйскім жыхарствам. Гэбрэйская буржуазія знаходзіла цэлы шэраг магчымасьцяў парушаць абедзьве мяжы, але зусім іншым было палажэньне гэбрэйскай беднаты. Слаба разьвітая прамысловасьць не магла заняць усіх вольных рук. Аставалася рамясло і дробны гандаль, найчасьцей на пазычаны капітал.
Зразумела, што пры такіх умовах вёска, пролетарызуючыся, не магла спадзявацца на горад, бо і гэбрэйскай беднаце ня было чаго рабіць. Пачынаецца эміграцыя з Беларусі ва ўсе бакі: у Амэрыку, Сібір, Цэнтральную Расію і г. д. Усё, што ёсьць больш энэргічнага і здольнага з беднаты, пакідае Беларусь.
Побач з экономічным уціскам працоўныя масы Беларусі перажываюць і нацыянальны ўціск. Аб гэбрэйстве, зразумела, і гаварыць ня прыходзіцца. Што датычна да беларусаў, то тут нацыянальны ўціск супаў з соцыяльным. Беларус у сваёй масе быў селянінам. Яго культура і мова былі прызнаны «мужыцкімі». Ідзе і ўціск гэтай «мужыцкай» культуры і мовы. Кіруючыя колы адчуваюць опозыцыйнасьць беларускай культуры і беларускага настрою, што зусім зразумела, бо гэтыя культуры і настрой — мужыцкія і, як такія, ня могуць ня быць опозыцыйнымі, бо селянін знаходзіцца пад уціскам фэўдальна-бюрократычнай імпэрыі. Пачынае падгатаўляцца рэволюцыя 1905 году як у горадзе, так і на вёсцы. Для вёскі зьяўляецца тыповым народніцкі беларускі рух, завешчаны загінуўшым на мураўёўскай шыбеніцы Кастусём Каліноўскім. Рэакцыя накладвае пячатку на беларускае народніцтва апошніх часоў. З рэволюцыйнага яно робіцца проста радыкальным. Прадстаўлена яно розначыннай інтэлігэнцыяй. Уладаром дум народнікаў зьяўляецца пясьняр Францішак Багушэвіч, які піша пад псэўдонімам Мацея Бурачка ці Сымона Рзўкі. Друкуецца ён за граніцай, бо для Расіі яго творы занадта радыкальны; апроч таго, у Расіі беларускі друк забаронен. Пясьняр становіцца на абарону праў беларускага селяніна і яго культуры і мовы. Яскравымі хварбамі малюецца эксплёатацыя селяніна. Працуе ён да крывавага поту — арэ, сее, будуе палацы, цэрквы і касьцёлы, каторыя зьзяюць