як свайму прыгоннаму; у праціўным выпадку яму даставалася ад расійскага ўраду. Пасьля ліквідацыі паўстаньня ўрад заняўся царкоўнай вуніяй. Калі ў свае часы вунія патрэбна была польскаму ўраду, то цяпер яна зусім была непатрэбна рускаму ўраду. Як і ў часы Польшчы, так і цяпер былі знойдзены патрэбныя епіскапы, каторыя і заняліся ліквідацыяй старой вуніі. На чале епіскапаў стаў Сямашка, каторы і давёў справу да канца. Зноў пачаліся гвалты. Зноў селяніна прымушалі мяняць веру. А калі ён не хацеў, то яго папросту секлі лозамі і запісвалі ў праваслаўныя. Ясна, якія вынікі маглі быць ад такога наварочваньня да праваслаўя. Сялянства, якое з вялікай цяжкасьцю выносіць прыгонную залежнасьць, яшчэ больш азлабляецца. Ня гледзячы на жорсткі рэжым, на Беларусі запальваюцца асобныя сялянскія бунты з падпаламі маёнткаў і забойствам паноў. Нават губарнатары (напр., менскі губарн. Доппэльмайер) даводзяць цэнтру ў сваіх данясеньнях, што так далей жыць няможна.
Сялянская рэформа няўхільна. У 1861 годзе за яе прымаецца ўрад Аляксандра II. Беларускае панства лібэральнага настрою, якое ўжо адчувае дыханьне прамысловага капіталізму, вельмі рада выпадку вызваліць сялян ад зямлі і зямлю ад сялян. Яно ўсімі сіламі прагнецца зьменшыць колькасьць зямлі, якую трэба нарэзаць сялянству. Для іх новай панскай гаспадаркі патрэбен малазямельны селянін, каторы і пасьля вызваленьня аддаваў-бы ім свае рабочыя рукі па нізкай плаце. Апроч таго, для правільнае пастаноўкі новай прамысловай вясковай гаспадаркі ім патрэбен абаротны капітал. Для гэтай мэты тыя маленькія сялянскія надзелы, якія нарэзваюцца вызваленым сялянам, прадаюцца ім пры дапамозе выкупнай опэрацыі па павышанай на 25 % цане. Ясна, якія вынікі ад рэформы адбыліся для амаль што двухмільённай сялянскай масы на Беларусі. Вызваліўшыся юрыдычна ад улады пана, яна экономічна паранейшаму знаходзілася ў яго руках. Парваўся вялікі ланцуг прыгону; адным канцом ён лёгка пагладзіў пана, а другім канцом моцна ўдарыў па вызваленым мужыку.
У часы рэалізацыі сялянскай рэформы загарэлася другое польскае паўстаньне 1863 году. Яно значна ўскалыхнула і Беларусь, зрабіўшыся тут, з аднаго боку, рухам сялянскім, пакірованым проці паноў, з другога боку, політыка-вызваленчым, незалежніцкім рухам,