Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзе організуе на Беларусі Віленскую Вучэбную Акругу і засноўвае ў Вільні унівэрсытэт. Для польскай культуры быў адчынен шырокі шлях. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што сярод апалячанай беларускай шляхты ў унівэрсытэце адчуваюцца мясцовыя сымпатыі. Устанаўляецца погляд на Беларусь, як на зусім асобную провінцыю Польшчы, што не падабаецца польскім патрыотам з Варшавы, каторыя зьяўляюцца абаронцамі адзінай і непадзельнай Польшчы. Шырака разьвіваюцца патайныя проціўрадавыя гурткі моладзі, на чале якіх становяцца Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан і інш. Усе гэтыя гурткі ў 20-х гадох былі разбураны Новасільцавым.

Вайна 1812 году да шчэнту спусташыла тэрыторыю Беларусі і пакрыла яе трупамі. Беларусь зрабілася нейкай сусьветнай трупярняй. Вядома, напрыклад, што на адну вярсту тэй дарогі, па якой выходзіла з Масквы наполеонаўская армія, прыходзілася ў сярэднім больш за сто трупаў. На Беларусі пачынаецца голад, насяленьне вымірае ад тыфусу, цынгі і халеры. Цэлыя вёскі стаяць пустымі. Карыстаючыся політычнай сытуацыяй, беларускае сялянства пачынае паліць маёнткі, выганяць і забіваць паноў. Як толькі рускі ўрад устанавіў парадак, то ён з вялікаю жорсткасьцю пачаў душыць паўстаньне і абараняць паноў, ня гледзячы на тое, што паны на Беларусі ў часы кампаніі выступілі проці рускага ўраду і ўтварылі незалежнае ад Расіі гаспадарства ў злучнасьці з Польшчай. Венскі Конгрэс у 1815 годзе аднаўляе Польскую дзяржаву. Літва і Беларусь у яе ўжо не ўвашлі, а асталіся ў складзе імпэрыі. Утварэньне Польскай дзяржавы дае палякам магчымасьць падгатаўляць паўстаньне 1830-31 году.

Паўстаньне кончылася няўдачай. Урад Мікалая I заняўся падаўленьнем і ліквідацыяй паўстаньня. Дасталося і шляхце, і сялянам, каторых рускі ўрад падазраваў у спачуцьці і падтрыманьні паўстаньня. Польшча, як дзяржава, скончыла сваё існаваньне. Віленская акруга была падзелена, унівэрсытэт зачынен. Пачалася русіфікацыя краю, якая ўдарыла ня столькі па моцнай польскай культуры, колькі па культуры беларускай, якая за астатнія часы зрабілася выключна культурай «мужыцкай». Палажэньне селяніна ў часы польскага паўстаньня было вельмі цяжкае. Калі ён ня йшоў у паўстаньне з панам, то пан рабіў яму помсту