Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

землі на Беларусі і Літве, таксама як і атрымоўваць дзяржаўныя пасады (урады).

Ус. М. Ігнатоўскі распрацаваў новы для яго часу сюжэт у гісторыі Беларусі — пра казацтва на Беларусі. Гэты падраздзел яго працы стаўся асновай для далейшай распрацоўкі тэмы (ці паўтарэння яго палажэнняў) пазнейшымі гісторыкамі — В. К. Шчарбаковым, І. Ф. Лочмелем і асабліва Л. С. Абэцэдарскім. А В. К. Шчарбакоў нават выдаў кнігу па гэтай тэме.

А вось палітычную гісторыю Беларусі з сярэдзіны XVI—XVII ст. прафесар Ігнатоўскі даў у сваёй кнізе вельмі коратка, нават канспектыўна, літаральна па некалькіх старонках. Трошкі больш ім напісана пра падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., але ў асноўным ён прывёў факты без вялікіх абагульненняў.

Адносна невялікім з’яўляецца чацвёрты раздзел кнігі, у якім гаворыцца пра становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Ус. М. Ігнатоўскі, коратка характарызуючы далучэнне Беларусі да Расіі, зрабіў слушную заўвагу: «Доля працоўных мас Беларусі не палепшылася ад палітычнай перамены» (с. 166). І сапраўды, калі раней Беларусь была ў складзе дзяржавы са слабым дзяржаўным апаратам, то ў Расіі прыгонніцкі апарат дзяржаўнай улады быў значна мацнейшы. Таму становішча беларускага селяніна было больш цяжкае, як адзначае аўтар (с. 167). Гэты раздзел гісторыі Беларусі таксама вельмі кароткі. Ён складае толькі 8 старонак, паколькі гэты перыяд быў асветлены Ус. М. Ігнатоўскім у асобнай кніжцы, як адзначыў сам аўтар. Фактычна тут даецца канспектыўны агляд гсторыі Беларусі XIX і пачатку XX ст. Аўтар адзначае, што асноўная маса памешчыкаў Беларусі была задаволена далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі, бо ў Расіі такіх груповак сярод шляхты, якія б хацелі правесці карэнныя рэформы дзяржаўнага ладу, як у Рэчы Паспалітай, не было. Памешчыкі маглі жыць спакойна і ўпэўнена. Ус. М. Ігнатоўскі адзначыў, што становішча жыхароў гарадоў — мяшчан — у Расійскай імперыі ў параўнанні з іх становішчам у Рэчы Паспалітай пагоршылася: было скасавана самакіраванне гарадоў паводле магдэбургскага права, павялічаны падаткі, на іх пашыралася вайсковая, рэкруцкая павіннасць.

Аўтар «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі» вельмі коратка апавядае пра палітычныя падзеі ў XIX ст. на Беларусі, засяроджваючы ўвагу чытача на палітыцы рускага ўрада ў краі. Ён падкрэслівае значэнне русіфікацыі Беларусі, якую праводзіў урад Мікалая I, зазначаючы, што русіфікацыя ўдарыла не столькі па польскай моцнай культуры, колькі па культуры беларускай.

Ус. М. Ігнатоўскі, насуперак гістарычным фактам, зыходзячы са сваіх марксісцкіх, класавых пазіцый (каб і на Бе-