Асабліва гэты націск праявіўся ў час Лівонскай вайны, што і вымусіла феадалаў Літвы і Беларусі шукаць хутчэйшых шляхоў да уніі. с. М. Ігнатоўскі адзначыў таксама супраціўленне магнатаў заключэнню уніі. Усе гэтыя палажэнні Ігнатоўскага былі абгрунтаваны на падставе ранейшых работ іншых вучоных. У адным тут памыляўся Ус. М. Ігнатоўскі: ён лічыў, што РЭч Паспалітая, створаная актам Люблінскай уніі, была адным цэлым, адной непадзельнай дзяржавай. На самай справе, як сведчаць шматлікія дакументы, Рэч Паспалітая прадстаўляла сабою федэрацыю дзвюх дзяржаў з адным каралём (ён жа вялікі князь літоўскі і рускі) з адным феадальным парламентам — Соймам, з адной палітыкай, але з рознымі законамі, войскамі, дзяржаўнымі пасадамі і апаратам, рознымі дзяржаўнымі мовамі, фінансамі, судовымі ўстановамі.
Таксама падрабязна разглядае Ус. М. Ігнатоўскі царкоўную унію 1596 г. Ён паўтарае ў асноўным палажэнні рускіх дваранскіх і клерыкальных праваслаўных гісторыкаў аб нацыянальна-рэлігійным уціску ў Беларусі. Таму прыняцце уніі ён лічыць не рэлігійным, а палітычным пытаннем; яна была працягам палітыкі скасавання незалежнасці Літоўска-Беларускай дзяржавы пачатай Люблінскай уніяй 1569 г., лічыць Ус. М. Ігнатоўскі. Такім чынам, аўтар даў падставы і пазнейшым гісторыкам прытрымлівацца пазіцый рускіх дарэвалюцыйных гісторыкаў. Гэту пазіцыю Ігнатоўскага можна вытлумачыць палітычным становішчам Беларусі ў той момант, калі пісалася кніга. Свой настрой супраць польскіх акупантаў у 1919 г. аўтар, які сам вёў барацьбу супраць іх і кіраваў барацьбой, перанёс і на старонкі кнігі. Таму палітыка Польшчы паказана адмоўнай, як потым паказвалася яна і ў кнігах іншых беларускіх гісторыкаў. Таму і Люблінская унія 1569 г. паказана аўтарам як акт, падчас якога «ад вялікага Літоўска-Беларускага княства былі адабраны і сілком прылучаны да „кароны“ (як называлі Польшчу) такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе» (с. 135). І тут Ус. М. Ігнатоўскі ідзе за рускімі гісторыкамі. Аналіз дакументаў паказвае, аднак, што сама шляхта гэтых ваяводстваў намагаліся далучыцца да Польшчы пры ўмове захавання старадаўніх законаў і справаводства. Прычынамі гэтага былі ўжо моцная паланізацыя шляхты на Падляссі і спроба прыцягнуць польскую шляхту да абароны ўкраінскіх зямель ад штогадовых нападаў крымскіх татар, а таксама намаганне мясцовай шляхты ўраўнаваць свае правы з польскай.
Ігнатоўскі ў той жа час прызнае, што і пасля Люблінскай уніі Літоўска-Беларуская дзяржава захавала сваю самастойнасць. Ён спасылаецца на Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., дзе было запісана, што палякі разглядаюцца як іншаземцы і не маюць права набываць сабе