Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

насьцю інвэнтара, так і затым, што акраіна гаспадарства ня была забясьпечана ад паўднёвага ворага — татарына і турка. Вельмі часта толькі ўрад нават дапаручаў казаком абарону граніц.

Казацкія паўстаньні проці соцыяльна-экономічнага, нацыянальнага і рэлігійнага ўціску ў Польскай дзяржаве пачаліся яшчэ з канца XVI сталецьця. Лепшыя польскія каралі разумелі, якую небясьпеку нясуць гаспадарству гэтыя казацкія паўстаньні. Апроч таго, у іх магла вынікаць і думка аб тым, каб з дапамогаю казацтва ўзмацніць свае правы ў адносінах да шляхты, каторая абмежавала ўладу караля. Так адносіўся да казакоў Уладыслаў IV (1632-1648). Ён лічыў, што казацтва ёсьць сіла, з катораю каралю парываць ня трэба, што ён можа выбраць адтуль патрэбныя яму заможнейшыя элемэнты, калі гэта будзе трэба.

Ёсьць паданьне, што аднаго разу казакі прыслалі да Ўладыслава сваіх паслоў, каб паскардзіцца на тыя крыўды, якія над імі ўчыняюцца. Кароль, выслухаўшы казацкіх паслоў і ня маючы рады абараніць іх парушаныя інтарэсы, быццам сказаў ім: «Вы маеце шаблі, самі абараняйце свае правы». Разумеецца, казакі ведалі гэтае і без караля, але словы караля толькі падкрэсьлілі для іх немагчымасьць згоднага сужыцьця Польшчы з вольным казацтвам. Цікава яшчэ зьвярнуць увагу на адно здарэньне. Заходняе казацтва, бяручыся за шаблю, казала, што яно хоча ратаваць сябе і караля з панскай «ляскай няволі». Такія самыя думкі былі і ўва ўсходняга маскоўскага казацтва. Вядома, што такія прадстаўнікі ўсходняга казацтва, як Разін і Пугачоў, лічылі сваім ворагам не цара, а баяр і дваран, ад улады каторых яны хацелі вызваліць і сябе і цара. Гэты настрой як заходняго, так і ўсходняга казацтва паказвае нам, што абураны мужык, зрабіўшыся паўстанцам-казаком, мала цікавіўся політычнымі мэтамі і пытаньнямі; ён змагаўся, больш стоячы на соцыяльна-экономічным, чым на політычным, грунце. Маскоўскі казак змагаўся з баярынам-памешчыкам і купцом, а ўкраінскі казак — з панам, каторы адначасна быў палякам і каталіком.

Казацкія паўстаньні на Украіне пачаліся яшчэ з канца XVI сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы — Касінскі, Лабада і Налівайка. З мечам і агнём урываюцца казакі ў польскія землі, у сябе на Украіне зьнішчаюць шляхту, вызваляюць з прыгону мужыкоў і ро-