Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня была сувязь роўнага з роўным. Польшча скарыстала цяжкае палажэньне Беларусі і Літвы і налажыла сваю руку на тэрыторыі, каторыя дагэтуль былі ад яе незалежны. Ужо самая назва новага, створанага вуніяй гаспадарства — «Польская Рэч Паспалітая» сьведчыць аб гэтым. Політычная незалежнасць Літвы і Беларусі на аснове Люблінскага акту была зьнішчана. Ад вялікага Літоўска-Беларускага княства былі адабраны і сілком прылучаны да «кароны» (як называлі Польшчу) такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе. Крыльлі ў Літоўска-Беларускай дзяржавы былі адняты.

Тым ня менш незалежнасць Літоўска-Беларускага гаспадарства фактычна яшчэ доўга існуе, што выяўляецца нават і ў юрыдычных актах. Перад намі Статут Вялікага Княства Літоўскага, выданы ўжо пасьля Люблінскай вуніі ў 1588 годзе. Калі мы чытаем I, IV і V артыкулы трэцяга разьдзелу, то бачым, што 1) гаспадар Літвы і Беларусі павінен аберагаць цэласьць тэрыторыі гаспадарства і вярнуць у склад яе тое, што было ўзята другімі гаспадарствамі і 2) што землі ў вялікім княстве ён мае раздаваць толькі «родзічам» гаспадарства, яго тубыльцам. Палякі ў Статуце разглядаюцца як «замежнікі», і іх права зямляўладаньня ў Беларусі абмяжована. Урады ў гаспадарстве таксама раздаюцца толькі «родзічам», тубыльцам. Наогул Статут прыстасован да патрэб Літоўска-Беларускага гаспадарства як самастойнай дзяржавы. Самастойнасьць Літвы і Беларусі асабліва выяўлялася ў часы бескаралеўя. Вельмі часта ў гэтыя часы Беларусь вядзе нават зносіны з чужаземнымі гаспадарствамі.

Магнаты Літоўска-Беларускага гаспадарства не здаволены Люблінскаю вуніяй. Яны лічаць, што вунія нанесла гаспадарству крыўду. Іх політычны настрой часта выяўляецца ў розных літаратурных творах. Цікава ў гэтым сэнсе адзначыць адзін твор, вельмі пашыраны на Беларусі і вядомы пад назваю: «Прамова Івана Мялешкі, каштэляна Смаленскага, на Варшаўскім Сойме ў прысутнасьці караля Зыгмунда III ў 1589 годзе». Судзячы па зьместу гэтага твору, а таксама апіраючыся на погляды вучоных спэцыялістых, мы павінны прызнаць, што гэта ёсьць хутчэй політычны памфлет, політычная і бытавая сатыра, чым соймавая прамова. Аўтар протэстуе проці польскага ўціску, як культурнага, так і політычнага. Ён раўнуе старажыт-