Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

200 асоб. Прадстаўніцтва ад мяшчанства гарадоў у пазьнейшыя часы мы ўжо ня бачым.

Вальны Сойм склікаецца каралём праз кожныя 2 гады. Два разы яго пасяджэньні адбываюцца ў Польшчы, у Варшаве, і адзін раз у Літве і Беларусі, у Горадні. Звычайна сойм склікаецца ўвосень «пасьля дня сьв. Мартына», калі ўжо скончаны пільнейшыя вяскова-гаспадарчыя работы. Гэта залежала ад таго, што сябры сойму былі зямляўласьнікамі. Працяг звычайнага сойму быў у шэсьць тыдняў. Пачынаецца сойм, як і падабае ў клерыкальным гаспадарстве, урачыстым набажэнствам, пасьля каторага йдзе абіраньне «маршалка», старшыні сойму. Калі сойм адбываецца ў Польшчы, старшынёю яго абіраецца паляк, калі ў Беларусі — беларус. Абраны старшыня абвяшчае пачатак працы сойму. Найперш ад усяго, як і заўсёды, ідзе праверка правільнасці мандатаў паслоў, пасьля чаго сэнат з ізбою робяць злучаныя пасяджэньні, на каторых урад дае адповедзь за сваю былую выканаўчую працу і ўносіць пропозыцыі наконт далейшага. Выслухаўшы гэта, абедзьве палаты сойму разыходзяцца і працуюць кожная асобна. За тыдзень да канца сойму зноў пачынаюцца сумесныя пасяджэнні ізбы і сэнату. Яны знаёмяць адзін другога з сваімі пастановамі. Пастановы сходныя і зацьверджаныя каралём атрымліваюць моц законаў. З гісторыі Польшчы мы бачым, што сойм, звычайна, цікавіцца толькі тымі пытаньнямі, каторыя беспасрэдна ці пасрэдна датычаць шляхецтва, з прадстаўнікоў якога выключна складаецца сойм. Пытаньні агульна-дзяржаўныя мала цікавяць, а то і зусім ня цікавяць паслоў і сэнатараў. Тут кароль польскі і яго ўрад могуць працаваць бесконтрольна. Усе справы як і ў сойміках, так і ў Вальным Сойме павінны былі выяўляцца як пастановы аднагалосна. Трэба зазначыць, што ў старажытныя часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднагалоснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і нормальнай працы сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай большасьці і паставіць сваё «veto», «не дазваляю», як гэтая пастанова прыпынялася. Лепшыя людзі Польшчы яшчэ ў пачатку XVI сталецьця прабавалі змагацца з гэтым шкадлівым для гаспадарства прынцыпам, але ня здолелі дабіцца сваёй мэты. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і вольнага «veto» касаваньне свайго