Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пазнаёмімся раней з політычным ладам Рэчы Паспалітай.

Законадаўчую ўладу ў гаспадарстве меў двухпалатны Вальны Сойм, каторы складаўся з сэнату (рады) і з дэпутацкай пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Сэнат-рада быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўходзілі знатнейшыя элемэнты польскага шляхецтва, асобы з вышэйшымі пасадамі як цэнтральнымі, так і провінцыяльнымі. Лік сэнатаў даходзіў да 150 пэрсон. Гэтая цыфра магла павышацца й паніжацца. Цыфра памяншалася з памяншэньнем тэрыторыі дзяржавы і павялічвалася з яе пашырэньнем. Клерыкальны кірунак улады адчуваўся адразу: першае месца ў сэнаце займае Гнезьнянскі арцыбіскуп, прымас[1] каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. За ім сядзяць па парадку і па чыну звычайныя біскупы, і толькі ўжо за імі ідуць сьвецкія ўраднікі-каштэляны, ваяводы і г. д. Старэйшыя сэнатары мелі свае месцы ў крэслах, а малодшыя на лавах. У ранейшыя часы сэнат быў проста прыватнаю радаю пры каралі і толькі потым, з пашырэньнем праў шляхецтва, ён зрабіўся дзяржаўнаю ўстановаю і ўвашоў у склад сойму як яго вышэйшая палата. Як перажытак мінулага астаўся звычай і ў дальнейшыя часы, каб сойм з сэнату абіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 гады. Сэнатары-дарадчыкі караля дзяліліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група сядзела ў каралеўскай радзе шэсьць месяцаў.

Ніжэйшаю палатаю сойму была пасольская ізба. Сюды ўходзілі дэпутаты — паслы ад шляхты асобных паветаў гаспадарства; уходзілі таксама ў невялікім ліку паслы ад мяшчанства выдатнейшых гарадоў. Пасольская ізба з цягам часу робіцца галоўнаю часткаю сойму, адсоўваючы назад вышэйшую палату — сэнат. Паслы ў ізбу абіраліся шляхтаю на павятовых сойміках, каторыя склікаліся за шэсьць тыдняў да Вальнага Сойму. Выбарчая акруга ў гэтыя часы давала ад 1 да 8 паслоў, што было ў залежнасці ад велічыні тэрыторыі. Пасьля таго, як адбываўся Вальны Сойм у цэнтры, паслы склікалі па паветах так званыя рэляцыйныя соймікі, на каторых яны апавядалі ўсю чыннасьць сэсіі Вальнага Сойму і давалі справаздачу аб сваёй дзейнасці перад сваімі абірацелямі. Лік дэпутатаў пасольскай ізбы залежаў ад тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У XVI і XVII сталецьцях ён даходзіў да

  1. Арцыбіскуп — архібіскуп. Духоўнае званне, сярэдняе паміж епіскапам і мітрапалітам, а таксама асоба, якая носіць гэты тытул, старшы епіскап. Прымас — у каталіцкай і англіканскай цэрквах — тытул галоўных епіскапаў. (Ад лацінскага primas — галоўная асоба, галоўны).