Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шляхціц ужо не баіцца, што ад цяжкасьці павіннасьці ён пераменіць месца працы. А гэтая сьмеласьць разьвязвае шляхціцу рукі і ўзмацняе яго клясавы апэтыт на працу паднявольнага селяніна. Адным словам, у гэты пэрыод гісторыі Беларусі закладаецца грунт для будучай мужыцкай няволі і прыгону. Косьці служылага шляхціца ўсё бялеюць і бялеюць, а мужычая косць пачынае чарнець, каб даць у будучы пэрыод прадстаўнікоў двух парод людзей: белай і чорнай косьці. Сялянства дзеліцца на прыватнаўласьніцкіх мужыкоў і гаспадарскіх. Першыя з іх сядзяць на панскіх і шляхэцкіх землях, другія — на землях гаспадара. Па сваіх абавязках яны дзеляцца на групы. Цяглыя людзі адбывалі паншчыну і плацілі аброк. Дворныя людзі адбывалі службу пры панскім ці гаспадарскім двары; тут былі канюхі, сьвінары, бортнікі, рыбаловы, стральцы, псары, смаляры, садоўнікі, шаўцы, краўцы і г. д. Прыватнаўласьніцкія сяляне па сваіх правох паступова дзяліліся на «пахожых» і «непахожых» людзей[1]. «Пахожыя» людзі яшчэ маюць права перайсьці ад аднаго зямляўласьніка да другога. «Непахожыя» ўжо згубілі гэтае права. Лік першых паступова зьмяншаецца, лік другіх паступова расьце. «Непахожыя» людзі, каторыя нясьлі паншчыну, былі зусім падлеглы зямляўласьніку: ён меў права на ўласнасьць і працу свайго «непахожага», паншчыннага селяніна.

ПОЛІТЫЧНЫ ЎКЛАД ГАСПАДАРСТВА І ЦАРКВА

У той час, як у Маскоўскім гаспадарстве разьвівалася незнаёмае дагэтуль у рускіх тэрыторыях самаўладзства, Літоўска-Беларускае гаспадарства разьвівала далей політычную традыцыю Полацкай Русі, на аснове якой улада князя была абмяжована вечам. Гаспадар Літвы і Беларусі фактычна быў абмяжован, з аднаго боку, панамі, з другога боку, у адносінах да асобных тэрыторый,— мясцовымі прывілеямі. Вялікі князь, літоўска-беларускі гаспадар, абіраецца шляхэцкім станам Літвы і Беларусі. Ня гледзячы на вуніі, Польшча ня мае ўплыву на гэтыя выбары. Так былі абраны вялікія князі Вітаўт, Сьвідрыгайла; пасьля забойства Зыгманда Кэйстутавіча, пастаўленага Польшчаю, быў абраны Казімер, потым Аляксандар, Зыгмунд I і Зыгмунд II Аўгуст. Найгалоўнейшым абавязкам літоўска-беларускага гаспадара была абарона цэласьці тэрыторыі гаспадарства.

  1. У гэтым сказе «пахожыя людзі» — гэта феадальна-залежныя сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім у 15-17 ст., якія мелі права пераходзіць ад аднаго феадала да другога. «Непахожыя» сяляне былі пазбаўлены гэтага права.