Старонка:Каравайчык.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З боку эўфоніі справа стаіць розна. Узяць, напрыклад, рыфму. Пераважваюць рыфмы аднакавых граматычных формаў (іменьні назоўныя у адным склоне, дзеясловы ў аднакавай форме), але побач з гэтым ёсьць і вельмі багатыя рыфмы і, наадварот, страшэнна бедныя («дні-лугі». ст. 58; «плыве-глымзане», ст. 61).

Пры аднакавасьці граматычных катэгорый і формаў аднакавасьць толькі аднаго гучнага пры розных апорных зычных робіць зусім нядобрае ўражаньне.

Пападаюцца вельмі добрыя альлітэрыцыі й гукавыя паўторы (нават, бяручы пад увагу толькі такія, што падкрэсьліваюць зьмест), напр.:

«Вось зарыпалі хрыпла вароты».
(ст. 67).

Поэма ў цэлым робіць дужа добрае ўражаньне.

Поэма «Зачарованы край» з тэхнічнага боку вызначаецца тымі-ж заганамі і тымі-ж дадатнімі старонамі, толькі мусіць быць ацэнена значна вышай.

Зьмест яе ўзяты з народных беларускіх казак космогонічнага характару, галоўным чынам з Сяржпутоўскага: «Сказки и разсказы бѣлорусовъ-полѣшуковъ. Спб. 1911». Матар'ял, узяты з народнай творчасьці, пераплаўлены поэтам у горне ўласнай душы і адшліфованы з вялікім мастацтвам.

У «Зачарованым краі» інтуіцыя й сьвядомае мастацтва спляліся разам: гэта чуецца і ў рытме (ня гледзячы на скандальныя іпостасы[1]), і у рытмах, і ў вобразах і нават у асаблівай мілазычнасьці мовы.

Ёсьць дужа добрыя альлітэрацыі з імітацыяй гукаў і падкрэсьліваньнем зьместу, напр.:

«Лес шуміць і дрыжыць, і зьвініць, і дрыжыць» (ст. 85).

Ёсьць шмат новых і вельмі добрых рыфмаў, але ёсьць і зусім слабыя («пляце-запяе», стар. 76). Наогул-жа, аб рыфмах у «Зачарованым краі» можна сказаць вось што. Рыфмамі пастаўлены такія словы, што яны вылазяць наверх і не даюць уражаньня ігры рыфмамі, як напр. у «Там» і др. вершах. Тут, калі рыфма й вельмі добрая, то яна ўсё роўна не адцягвае на сябе ўвагі і не перашкаджае aдчуваць рытм і вобразнасьць.

Паміж іншым, трэба адзначыць, што рыфма дужа часта замяняецца ассонансам. Гэта надае вершу характар прастаты (хоць гэтая прастата цяжэй не-прастаты) і вельмі гармонічна лучыцца са зьместам.

Урэшце, трэба адзначыць адну няпрыемную pэч: той самы іранічны суб'ектывізм, аб якім ішла гутарка раней. У 6-м разьдзеле: «Як Бог стварыў Палесьсе, мы чытаем пра Бога такія радкі:

«І сівую патыліцу чухаў»
________
«Бог- вялікі штукар на ўсе рукі».
________
«Бог бярэ на вагу, Бог прабуе на смак,
Такіх зерняў ня еў Ён і змалку».

У 8-м разьдзеле: «Як чорт украў у Бога насеньне, а Бог нібы-то ня прымеціў»:

«Бог маўчаў — Яму што? Кончыў працу, назад
Па вяроўцы ўскарабкаўся ў неба.
На аблоках ляжыць. Спачывае і рад.
Што нацацкаўся болей, чым трэба».

Такое лёгкадумнае аднашэньне да Бога, такая фамільярнасьць з ім, зьяўляюцца дысонансам у эпічным творы і не апраўдываюцца народнай творчасьцю. Няма там і ніякіх намёкаў на маленства Бога (хоць ён і выяўляецца старым чалавекам), няма там і погляду на тварэньне сьвету, як на цацканьне. Але нават, каб гэта й было, то словы «болей, чым трэба» асталіся-б недапусьцімай адсябяцінай аўтара.

Поэмка «Ў Ясных Крушнях» зроблена даволі добра, але фальш замы-

  1. Напр. "Шуміць бор векавы. Лясун гойкае-страх". fer. 84).