Старонка:Каравайчык.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

«Псальмы паўночныя» — проба дактымічнай вялікай цэзуры.

Строгай вытрыманасьцю формы, яскравасьцю вобразаў і глыбокай філёзофічнасьцю думкі выдаецца «Я—спадчына вякоў» (стр. 52).

Харошым вершам пры канцы другога аддзелу зьяўляецца верш на стр. 53:

«Гэй на золак рана ўстаньце.
У полі бродзіць нейкі бог.
На зялёнай на палянцы
Сьлед расістых яго ног».

Ад вершу так і вее першабытнаю прастатою міфу.

Трэці аддзел кнігі называецца: «Зачарованы край» ад поэмы з такою-жа назваю, занімаючай цэнтравае мейсца ня толькі ў гэтым аддзеле, але так-сама і ўва ўсёй кнізе, і быць можа, ня толькі ў гэтай кнізе, але ўва ўсей датыхчасовай творчасьці Бядулі, пасколькі мы яе знаем. Але аб гэтай поэме яшчэ гутарка наперадзе. Перад ёю зьмешчана так-сама мастацкі-зробленая поэма «На хутары».

Тэмаю гэтай поэмы служыць восень на хвальварку, малацьба, і на гэтым фоне абмалёўка калěрытнай фігуры «Дзеда», старога беларускага селяніна, які нездаволен новымі парадкамі, ганіць усё новае, хваліць усё старое; якому не падабаецца нават, што цяпер пачалі есьці хлеб без мякіны. Астаючыся без работы, да якой ён прывык за свой доўгі працоўны час (усю работу робяць дзеці і ўнукі і, шкадуючы дзеда, не даюць яму цяжкай працы), дзядок соўгаецца на хвальварку, усім цікавіцца, усім нездаволены, мае нават ахвоту палаяцца за стары вышчарблены тапор так, што аж куры разьлятаюцца навакол.

Монолёгі дзеда: аб старыне, аб ядзе, аб хлебе з мякінай вельмі цікавы й характэрны для такіх старых людзей. Пасколькі ад абмалёўкі фігуры дзеда залежыць удача поэмы, яе трэба прызнаць вельмі ўдалай. Трошкі няпрыемнае ўражаньне носіць хоць і мала-прыметны, гіранічны суб'ектывізм аўтара, асабліва ў гісторыі з вышчарбленай сякерай. Нават словы дзеда тут сфальшаваны пад уплывам гэтага аўтарскага суб'ектывізму. Гэта бязумоўна псуе твор, і канец трэба было-б перарабіць.

У той рэдакцыі поэмы, як яна надрукована ёсьць адна маленькая недарэчнасьць, друкарская памылка, але вельмі няпрыемная. Гэта месца, дзе дзед, раздумаўшыся аб ранейшых гадох, пачынае шуфляваць да горбы збожжа мякіну й пазадкі (апошняя страфа ў VІІ разьдзеле):

«— А мякіна у хлебе ня шкодзіць,
Не зашкодзіць і франтам маім», —
Аднак дзед аглянуўся, як злодзей,
Пры учынку агідным сваім».

У такой рэдакцыі слова «агідным» шмат псуе справу, як занадта рэзкая, несправядлівая суб'ектыўная аўтарская ацэнка ўчынку старога.

Поэма пісана трох-ступовым анапэстам з мужчынскімі й жаночымі крыжаванымі рыфмамі, даволі частымі іпостасамі, прычым, водлуг Бядулінскай прывычкі нападаюцца неправідловыя іпостасы бакхіeм у першай стапе, напр.:

«Мазоль трэцца, крывавіцца пот (ст. 61)
«Дзядок вечна работу знаходзіць (ст. 64) і др.

З боку вобразнасьці, поэма надта ўдалая. Пападаюцць вобразы вельмі трапныя, якія стоячы ў гармоніі са зьместам, апрыгожваюць цэлы кавалак поэмы, цэлую сцэну. Напрыклад:

«Туханом апранае фальварак.
Нібы ў шэры, вільготны кажух»
(стар. 58, аб восені)
«Нібы ладзіцца тут набажэнства
Да бажышчаў сялянскіх турбот»
(ст. 61. аб цяжкай, маўчлівай і рытмічнай працы)
«Там, апрануты ў яркія зоры,
Волат лапці з праменьняў пляце».
(ст. 66, аб выглядзе неба пры
заходзе сонца).

Ёсьць мейсцы з целымі нізкамі пекных вобразаў.