Лапцэвіч. Гэта так…
Пігельскі. Разграмі гэты чорненькі генэральчык Петраградзкі гарнізон, — і тады ня толькі бальшавікі, але і сам Керанскі і ўсе мы, паколькі мы соцыялістыя, — віселі-б на… Масы ідуць за бальшавікамі…
Лапцэвіч. Няўжо масы ня могуць дачакацца Ўстаноўчага збору? Які-небудзь месяц — і ўсё разьвяжацца.
Пігельскі. Ня зусім так проста, таварыш павятовы камісар. Няўжо вы думаеце, што памешчыкі так і аддадуць пакорна свае землі, капіталістыя — свае фабрыкі, як пастановіць Устаноўчы збор?
Лапцэвіч. Ну, а як-жа? Калі большасьць пастановіць?
Пігельскі. Гэта наіўна! Так думаць могуць толькі правыя эсэры!
Лапцэвіч. Дазвольце, таварыш левы эсэр! А вы як думаеце? Вы-ж таксама падтрымліваеце Устаноўчы збор? Вы-ж рыхтуецеся да выбараў?
Пігельскі. Мы… ня зусім так. Але мы, наш камітэт не атрымаў яшчэ дырэктыў ад таварыша… як яе… Сьпірыдонавай.
Лапцэвіч. Вось, тут і бяда. Бальшавікі — адзіны! А мы — рэволюцыйная дэмократыя — пабіліся на эсэраў правых, цэнтральных, левых, эсдэ, інтэрнацыяналістых, меншавікоў. У нас Чарноў супраць Сьпірыдонавай.
Пігельскі. Цэрэтэлі і Дан супраць Аўксеньцьева і Гоца, — натуральна!
Лапцэвіч. Мы павінны быць аб‘яднаны прыхільнасьцю да революцыі.
Пігельскі. Яшчэ кадэтаў дадайце сюды, ха-ха!
Лапцэвіч. А што-ж, паколькі яны за дэмократычную рэспубліку. Яны-ж засядаюць у Савеце Рэспублікі.
Пігельскі. У тым і бяда!
Лапцэвіч. Ды вы што, таварыш Пігельскі? Вашыя левыя эсэры ў канцы канцоў з бальшавікамі пойдуць?
Пігельскі. Як вам сказаць, таварыш Сьпірыдонава кажа, што… Мы павінны прыняць самы актыўны ўдзел у зьезьдзе саветаў…
Лапцэвіч. У зьезьдзе саветаў? Гэта напярэдадні Устаноўчага збору? Ды вы губіце рэволюцыю! Прыдзе зноў другі Карнілаў і раскідае вас!