Барэновіч. Што нам рабіць, Ніколя? Навучы, організуй! Пакажы прыклад усім памешчыкам.
Мікола. Я і прыехаў… Агледжуся… Орыентуюся… Перш за ўсё мы павінны мець сувязь з штабам, са стаўкай… па- другое, быць усе ўзброены з галавы да ног… Я наконт апошняга крыху паклапаціўся… Па-трэцяе, генэрал Карнілаў, які зараз…
ЗЬЯВА ІХ
Тыя-ж і матрос Барыка
Барыка. Прабачайце, магу я бачыць капітана Бараловіча?
Барэновіч. Вы хочаце сказаць — Баррэновіча?
Барыка. Я кажу, звычайна, тое, што хачу… а ў фаміліі можа і мыляюся…
Мікола. Ня важна, папаша! Я капітан, што вам угодна ээ… таваішч?
Барыка. Я матрос бальтфлёту і член матроскага камітэту з „Аўроры“.
Мікола. Бачу. Надта прыемна. Я член палкавога камітэту.
Барыка. Ведаю… Тут на адпачынку, пасьля кантузіі…
Мікола. У наступленьні 19-га чэрвеня… Але вы надзвычайна добра асьвядомлены… ээ…
Барыка. Дзіва! Я родам з нашага павятовага гарадку а вы тут усім вядомы, як…
Мікола. Ну так! Дык чым магу быць карысны?
Барыка. Карысны? Цяжка пакуль сказаць. Проста, я, даведаўшыся, усё-ж член палкавога камітэту — недалёка, тут схадзіць… ну, дык вось…
Мікола. А, так! Ну, што-ж, проша! Таксама ў адпуску?
(Барэновіч і сьвяшчэньнік ідуць у пакой).
Барыка. Я ранены.
Мікола. Флёт, здаецца, даўно ня прымаў удзелу…
Барыка. На моры, а на вуліцах, з вінтоўкай.
Мікола. Ах, на вуліцах… У лютым?
Барыка. Крыху пазьней…
Мікола. 4—5-га ліпня ў Петраградзе?
Барыка. Можа і там.
Мікола. Разумею… так, так. Вы бальшавік?