ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
ЗЬЯВА І
Генадзі, Манюня
Генадзі (уваходзіць з саду, кліча). Манюня, Манюня!
Ды кіньце ваш рояль. Які чароўны дзень, Манюня!
Манюня (выходзіць). Ну, што, кузэн Генадзі? У чым
справа?
Генадзі. Я кажу: які чароўны дзень… з пахам восені, — праўда?
Манюня. З пахам чырвонага лісьця. Ну, што будзем рабіць, кузэн?
Генадзі. Рабіць? Удумайцеся, Манюня, — работа, раб…
Манюня. Што? Ах вы, філёлёг. Нічога ня робіце?
Генадзі. Я люблю мысьліць, Манюня. Ды і то цяжка, — галава пачынае балець.
Манюня. Мне страшна, што ў вас і ў мяне можа быць хоць трошку агульнага ў крыві… Думаць — і то цяжка!
Генадзі. Не, не заўсёды. Я, напрыклад, люблю думаць аб вас, аб тым, як дзіўна, што наш дзядзя Андрэй пераехаў
сюды і якраз у такі страшны час…
Манюня. Пасьля революцыі?
Генадзі. Пасьля? Рэволюцыя толькі пачынаецца, Манюня…
Манюня. А я думала, што канец. Во цікава будзе!
Генадзі. Так… Танец галоў… Голавы, голавы, вышчараныя зубы…
Манюня. Добра, што сонечны дзень… — спужалася-б… Ха-ха!..