Старонка:Казкі (1928).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

людзі і паказалі пану дарогу. Пан туды і паехаў. А мужык пачуў званок, зьвярнуў у лес, там закалоў сьвіньню з парасятамі, каня прывязаў, а сам вышаў на дарогу, наклаў кучу гною, накрыў шапкаю і сядзіць. Едзе пан. — „На бок!“ — крычыць панскі кучар. — „Не, паночак, не! едзьце вы сабе на бок — мне ня можна!“ Пан сказаў кучару аб‘ехаць мужыка. Мінуўшы мужыка, пан застанавіўся і пытае: „Ці ня бачыў ты, мужычок, тут мужыка едучы і вязучы сьвіньню з парасятамі.

— Відзеў, паночак! ён нядаўна тут ехаў.

— А ці знаеш, куды ён паехаў?. — знаю.

— Пакажы-ж нам дарогу“.

— Не, паночак, не! Мне з месца ня можна зысьці. Калі хочаце, то я вам дарогу скажу: вы будзеце тут проста, потым звароціце крута, крута ўправа, а там крута, крута ўлева і так далей.

Пан і пытае хурмана: „ці патрапіш?“

— Не, пане!

— І я не патраплю.

Тады пан пытае ў мужыка:

— Ці дагнаў-бы ты яго?

— Чаму не, пане? Я яго-бы зараз прыцяг і к вам.

— Ну, дагані, я табе заплачу.

— Не, крый Божа! мне з месца ня можна зысьці,

— Чаму-ж табе ня можна зысьці? Што ты тут робіш?

— Гэта, паночак, ехаў мой пан і сустрэўся з знаёмай паняю і тая пані падарыла яму шчыгла. Дык пан сказаў мне яго дзяржаць, пакуль ён будзець ехаць назад.

— Ну, так ты едзь з маім хурманом, а я буду вартаваць.