Старонка:Казкі (1928).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пажывіцца. Сабака пачуў ваўка і стаў на яго гаўкаць. Воўк, пазнаўшы гэтага сабаку, падыйшоў к яму і кажа: „я-ж табе даў хлеб, а ты мяне праганяеш!“ — „А, гэта ты, брат? — пытае сабака. — Я!“ — кажа воўк. — „Ну, так прыдзі ты, брат, да нас за два тыдні: у нас будзе вясельле і я цябе за тое пачастую.“ Воўк, пачакаўшы два тыдні, прыходзіць і стаў за гумном. Настала вясельле. Сабака п‘е, гуляе і забыў аб сваім браце, а пасьля здумаў, „у мяне ёсьць брат, пайду, пагляджу яго!“ І выйшаў, глядзіць, — аж воўк ляжыць за гумном. Сабака яму кажа: „што ты ляжыш тут? Пойдзем у хату!“ Воўк кажа: „Як-жа ты ўвядзеш мяне ў хату?“ — „Нябось,“ кажа сабака, „пойдзем.“ Прыходзяць яны да сяней і сабака кажа ваўку: „Ты пастой тутака, а я ўпярод схаджу ў хату!“ Воўк стаіць, а сабака пайшоў у хату, мяльнуў хвастом па лучыне; згасіў яе і борзда пабег і сказаў ваўку: „бяжы борзда ў хату і лезь пад стол.“ Сабака добра накарміў і напаіў ваўка і ляжаць сабе абодва пад сталом. Пачалі каравайніцы пяяць:

У нашага гаспадара
Кудравая галава;
Ён кудзёркамі патрасе
І нам гарэлкі паднясе…

Сабака ляжыць сабе ціхенка — нічога, а воўк кажа: „Я, брат, ня вытрываю, засьпяваю пасвойму!“ А сабака яму кажа: „Маўчы, бо будзе табе і мне!“ Другі раз каравайніцы засьпявалі:

У нашага свата
Пабелена хата;
Печ яго кахляна,
Чэсьць яго кахана…