Старонка:Каб жыць, сьпяваць і не старэць (1931).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АРГЕНТЫНСКАМУ СЯБРУ

Сябра мой!
Над намі ходзіць месяц,
А у вас, напэўна, ясны дзень…
Ты ў далёкім Буэнос-Айрэсе
Па шумлівых вуліцах ідзеш.

У другіх інакшыя пуціны,
Ты-ж такі бядак, як і раней…
Аргентына — добрая краіна,
Калі ёсьць даляры ў портмонэ.

Чысьціў боты вечарам і ранкам,
А цяпер блукаеш па рагу…
На нагу наступяць — скажаш „Сэнк‘ю“
На вячэру хопіць — „Вэры гуд“.

І цяпер ты хочаш абнадзейваць —
Вось Бразілія — другая старана…
Сябра мой!..
І ў Рыо дэ-Жанэйро
Той-жа самы доляр ля старна.

16