Старонка:З пушкі на Луну.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым стэп пачаў прыкметна падымацца, і перад падарожнікамі раскрыўся малюнак апрацованых палёў з багатай расліннасцю.

— Тут, здаецца, усякія расліны: і паўночныя і паўднёвыя, — заўважыў маёр. — Паглядзіце: вось, здаецца, табак, а там, далей, рыс!

— А тут, налева, — цэлы луг ананасаў, — сказаў Мерчызон. — А там, далёка, плантацыя цукровага трысця.

— Але як гэта тут усё расце без догляду: нібы само лезе з зямлі? — запытаў маёр.

— Вельмі проста, — адказаў інжынер. — Тут многа цяпла і вільгаці: цеплату дае трапічнае сонца, а ваду дажджоў захоўвае гліністая глеба.

— Сапраўды, Фларыда заслугоўвае сваёй назвы «Краіна кветак», — заключыў маёр. — Дзіўнае багацце прыгожай расліннасці.

Барбікен таксама, здавалася, быў задаволены гэтымі перспектывамі, і калі Мастон запытаў яго думку адносна аглядаемай мясцовасці, старшыня Пушачнага клуба адказаў:

— Так, мне вельмі падабаецца гэта мясцовасць. Стэп усё падымаецца, а для нас, мой добры сябра, важней за ўсё пабудаваць нашу калумбіяду на дастаткова высокім месцы.

— Каб было бліжэй да Луны? — усклікнуў паспешны Мастон, не падумаўшы.

— Не, мой сябра, — адказаў з усмешкай Барбікен. — Некалькі метраў далей ці бліжэй да Луны — не мае ніякага значэння. Але справа ў тым, што на высокім месцы лягчэй і выгадней працаваць. Перш за ўсё не прыдзецца спускаць ваду з будучага нашага калодзежа, што патрабавала-б цэлай сеткі доўгіх і дарагіх труб і пастаяннай работы машын для пампавання вады. Падумайце толькі: