Старонка:З пушкі на Луну.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

калодзеж — ці, дакладней, шахта — для калумбіяды будзе мець глыбіню каля трохсот метраў і павінен быць зусім сухі.

— Ваша праўда, — умяшаўся інжынер Мерчызон: — у час свідравання глебы неабходна пастаянна бараніць сябе ад вады. Таму вельмі пажадана знайсці ўзвышша і, па магчымасці, без грунтовай вады. Аднак, не бяда, калі і наскочым на падземныя крыніцы — мы выпампуем усю іх ваду, а калі нельга будзе яе вычарпаць, дык спусцім убок.

— Але гэта работа цяжкая і вельмі дорага каштуе, — заўважыў Барбікен.

— І цяжкая, і дарагая, але мы выканаем яе параўнальна лёгка, — адказаў Мерчызон. — Нам-жа не артэзіянскі калодзеж капаць, які надзвычай вузкі, і таму ў ім зусім цёмна: прыходзіцца падрыхтоўваць і свідраваць наўгад. А ў нас, пры шырыні шахты ў тры метры, будзе спачатку дастаткова сонечнага святла, а потым лёгка ў такой шахце зрабіць электрычнае асвятленне. Будзем удзень дзяўбаць кіркаю і рыдлёўкаю, а калі трэба будзе, то і порахам, калі сустрэнем вельмі цвёрдыя пароды, якія трэба будзе ўзарваць.

— Аднак, — заўважыў зноў Барбікен, — калі нам удасца знайсці ўзвышша і прытым сухое, дык мы ўнікнем непатрэбных клопатаў з падземнай вадой. Будоўля будзе лягчэйшай і мацнейшай. Таму неабходна залажыць нашы траншэі на месцы, якое-б знаходзілася на некалькі сот метраў над узроўнем мора.

— Ваша праўда, Барбікен, — адказаў інжынер, — і мясцовасць паказвае, што мы хутка знойдзем выгодны ўзгорак.

— Эх! усклікнуў Барбікен. — Як-бы мне ўжо хацелася пачуць першы ўдар кіркі!