Старонка:З пушкі на Луну.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на шчасце гэтых выдатных грамадзян Злучаных Штатаў, іх заўсёды падзяляла адлегласць з добрую сотню кілометраў, і прыяцелі так клапатліва за імі сачылі, што і пасля вайны Барбікен і Ніколь ні разу не маглі сустрэцца.

Ніхто не адважыўся-б даць пэўны адказ, хто з гэтых двух вынаходцаў здольнейшы, бо рэзультаты іх дзейнасці не маглі яшчэ атрымаць дакладнай ацэнкі. Здавалася, аднак, што ўрэшце броня павінна была ўступіць ядру.

Між іншым, вельмі многія знаўцы сумняваліся яшчэ ў гэтым. У апошні перыяд вайны цыліндра-канічныя снарады Барбікена не маглі прабіць броню Ніколя; яны толькі крыху ўтыкаліся ў яе, як шпількі ў воск. У той дзень філадэльфійскі каваль весела святкаваў сваю перамогу, якую лічыў канчатковай. Ніколь не шкадаваў тады непрыстойных слоў па адрасу свайго праціўніка, але хутка павінен быў згадзіцца, што вельмі паспяшыў. Барбікен замяніў свае цыліндра-канічныя снарады простымі бомбамі вагой у 600 фунтаў, і гэтыя бомбы, не гледзячы на іх малую пачатковую скорасць, прабілі і разнеслі на кавалкі самую тоўстую броню Ніколя, зробленую з самага лепшага метала.

Так абстаяла справа, і перамога, здавалася, павінна была застацца за ядром, але раптам вайна скончылася, — і скончылася ў той самы дзень, калі Ніколь дарабляў новую броню з найлепшай кованай сталі! Гэта быў шэдэўр, свайго роду ўзорнае стварэнне абарончага майстэрства. Капітан Ніколь перавёз новую броню на Вашынгтонскі палігон і паслаў Барбікену прапанову прабіць гэту броню, але Барбікен адмовіўся з прычыны спынення ваенных аперацый.