Старонка:З пушкі на Луну.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

праўда, не снарадам, а самой мартырай, якая разарвалася пры першым-жа выпрабаванні…

Што яшчэ можна дадаць да гэтых красамоўных лікаў? Нічога, і таму чытач, напэўна, не будзе аспрэчваць наступных вылічэнняў статыстыка Піткерна: калі падзяліць лік афяр артылерыйскага агню (у час амерыканскай грамадзянскай вайны) на лік членаў Пушачнага клуба, дык на кожнага члена гэтага папулярнейшага ў Штатах клуба прыдзецца «ў сярэднім» па дзве тысячы трыста семдзесят пяць з дробам чалавек — забітых!

Такім чынам у захапленні вайною, адзінымі клопатамі гэтага вучонага клуба стала знішчэнне роду чалавечага, а ўдасканаленыя баявыя гарматы былі прыроўнены да гармат цывілізацыі…

Неабходна, аднак, дадаць, што члены Пушачнага клуба не абмяжоўваліся вынаходствамі і вылічэннямі. Яны плацілі і ўласным жыццём для росквіту сваёй справы. Сярод членаў Пушачнага клуба былі афіцэры ўсіх рангаў: ад паручыкаў да генералаў; ваенныя ўсіх узростаў: і навічкі ў вайсковай справе, і закончыўшыя ўжо сваю ваенную кар’еру. Многія члены клуба ляглі на полі бойкі, і імёны іх запісаны ў ганаровую кнігу клуба, а ў астатніх, што вярнуліся з вайны, засталіся нязгладжаныя сляды іх храбрасці, У клубе — у яго членаў ці замест іх членаў — можна было знайсці цэлую калекцыю кастылёў, драўляных ног, штучных рук, гумавых сківіц, срэбраных чэрапаў і платынавых насоў. Вядомаму нам статыстыку Піткерну мы абавязаны яшчэ наступнымі цікавымі вылічэннямі: ён даказаў, што ў Пушачным клубе на чатырох чалавек прыходзілася толькі па адной руцэ (сапраўднай), — і то нехапала невялікага дробу, — і толькі па дзве нагі (сапраўдных) на шасцярых.