Старонка:З пушкі на Луну.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але храбрыя артылерысты мала звярталі ўвагі на такія «недахопы». Яны цалкам уцяшаліся «поспехамі» паўночнаамерыканскіх пушак. Яны ганарыліся імі: весткі, напрыклад, аб тым, што пры новай бітве лік забітых і раненых перавышаў разоў у дзесяць лік выпушчаных снарадаў, былі для іх сапраўднай урачыстасцю.

Надышоў, аднак, дзень, — гэта быў сумны, прыкры для членаў Пушачнага клуба дзень! — калі жывыя ўжо не забівалі адзін аднаго. Быў падпісаны мір. Змоўклі стрэлы, заціх грукат гармат; пушкі з накрытымі і апушчанымі жараламі былі размешчаны па арсеналах, ядры складзены ў кучы. Паступова зніклі крывавыя здані; на палях, добра ўгноеных чалавечым мясам і крывёю, буйна разрасліся баваўняныя плантацыі. Парвалася жалобнае адзенне, сціхлі пакуты.

Для членаў Пушачнага клуба настаў «мёртвы сезон» — поўнае беспрацоўе.

Праўда, некаторыя нястомныя вынаходцы ўсё яшчэ праектавалі гіганцкія бомбы і нябачаных размераў гранаты, але чаго варта тэорыя без практыкі? Залы Пушачнага клуба хутка абязлюдзелі. Замест ранейшых многалюдных, жыццёвых, дзейных, шумных сходаў, сцены Пушачнага клуба бачылі толькі заспаных афіцыянтаў ды рэдкіх наведвальнікаў, якія таксама часам засыналі ад нуды.

— Проста да роспачы можна дайсці! — усклікнуў аднойчы ў пакоі для курцоў Пушачнага клуба храбры Том Гентэр.

Ён падставіў свае драўляныя ногі да самага каміна і не заўважыў, як канцы іх пакрыху абвугліваліся.

— Няма работы! І спадзявацца няма на што! —