Старонка:З пушкі на Луну.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А калі ў амерыканца ўзнікне ідэя, ён шукае таварыша для сумеснай работы; калі думкамі сойдуцца трое, дык адзін з іх зараз-жа выбіраецца старшынёю «саюза», абодва астатнія — сакратарамі; чацверты залічваецца ў «справаводы», і гатова «бюро», г. зн. канцылярыя; калі-ж сюды далучыцца і пяты, дык склікаецца «агульны сход», які пастанаўляе арганізаваць «таварыства» або клуб.

Так здарылася і ў Балтыморы. Першы, хто вынайшаў новую пушку, уступіў у саюз з першым-жа, хто згадзіўся пушку адліць, і з першым-жа, хто ўзяўся яе абтачыць. Гэта і склала «ядро» Пушачнага клуба. Праз месяц Пушачны клуб налічваў ужо 1833 сапраўдных члены і 35365 членаў-спаборнікаў.

І не ўсякага яшчэ прымалі ў Пушачны клуб. Кандыдат у сапраўдныя члены павінен быў прадставіць пасведчанне, што ён вынайшаў ці, прынамсі, удасканаліў якую-небудзь пушку ці іншую агнестрэльную зброю. Трэба яшчэ сказаць, што вынаходцы пятнаццаціствольных рэвальвераў, верцячыхся штуцэраў, шабель-пісталетаў і іншых вычурных і прытым «дробных» гармат не карысталіся пашанай: на першым месцы былі артылерысты, якіх на ўвесь голас расхвальвала грамадская думка.

— Павага, якую яны набываюць, — усклікнуў аднойчы адзін з самых вучоных аратараў Пушачнага клуба, — знаходзіцца ў прамых адносінах к «масам» іх пушак і прама прапарцыянальна[1] «квадратам адлегласцей», дасягаемых палётам іх снарадаў.

  1. Намёк на закон сусветнага прыцяжэння, адкрыты Н’ютонам: два целы прыцягваюцца з сілаю, прама прапарцыянальна здабытку іх мас і адваротна прапарцыянальна квадрату аллегласці між імі.