Старонка:З пушкі на Луну.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сягнулі большага ўдасканалення, чым у еўрапейцаў, але амерыканцы пачалі вырабляць гарматы такіх буйных калібраў, што іх снарады праляталі нечуваныя да таго часу адлегласці; у параўнанні з велізарнымі амерыканскімі пушкамі і мартырамі[1] адпаведныя гарматы англічан, французаў і прусакоў маглі здавацца пісталетамі.

Тут яшчэ няма чаму здзіўляцца. Янкі[2] — першыя механікі ў свеце; яны нібы родзяцца інжынерамі, як італьянцы — спевакамі. Зразумела, што і ў артылерыйскую навуку яны ўнеслі сваю смелую, часам дзёрзкую вынаходлівасць. Адсюль — іх велізарныя пушкі, намнога менш карысныя, чым іх швейныя і пішучыя машыны, але зробленыя таксама ўмела і дзіўна. І ў той час усе здзіўляліся «цудам» такіх амерыканскіх будаўнікоў, як Парот, Дальгрэн, Родмэн; іх вядомым еўрапейскім калегам — Армстронгу, Палізеру і Трэй-дэ-Балье — аставалася толькі скланіцца перад поспехамі новых заморскіх пушачных майстроў.

У час страшэннай кровепралітнай барацьбы паўночных штатаў з паўднёвымі артылерысты карысталіся асаблівай пашанай. Усе газеты і журналы Паўночнай Амерыкі з захапленнем паведамлялі аб іх вынаходствах, і захапленні друку перадаваліся шырокай публіцы. Не было, здаецца, такога дробнага крамніка ці нават простадушнага гультая, які не ламаў-бы сабе галавы над вынаходствам новых пушак ці над вылічэннем вар’яцкіх траекторый[3] для іх снарадаў.

  1. Мартыра — кароткая артылерыйская гармата для навеснай стральбы.
  2. Мянушка жыхароў Злучаных Штатаў Амерыкі.
  3. Шлях палёту цела.