Старонка:З пушкі на Луну.pdf/413

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З гэтай прычыны адразу ўзніклі спрэчкі і сваркі. Бельфаст сцвярджаў, што не відаць нават і ценю снарада. Мастон настайваў на тым, што снарад «коле яму вочы».

— Гэта снарад! — гаварыў Мастон.

— Не! Гэта лавіна, што адарвалася ад луннай гары!

— Убачым! Убачым заўтра!

— Не, больш ужо не ўбачым!

— Убачым!

— Не!

У тыя хвіліны, калі такія воклічы сыпаліся градам, шаноўнаму Бельфасту пагражала сур’ёзная небяспека.

Такое жыццё хутка зрабілася-б нязносным для таго і другога, але нечаканая падзея раптам спыніла ўсе спрэчкі.

У ноч з 14-га на 15-е снежня абодва непрымірымыя сябры займаліся назіраннямі за лунным дыскам. Мастон, паводле свайго звычая, сачыў за Бельфастам, які, з свайго боку, таксама пачынаў гарачыцца.

Сакратар клуба ў соты раз сцвярджаў, што ён заўважыў снарад і нават у адным з акон яго пазнаў Ардана. У гарачцы спрэчак палкі вучоны размахваў жалезным крукам, які замяняў яму руку, што было не зусім небяспечна для яго бяседніка.

Раптам на платформе з’явіўся слуга Бельфаста — было дзесяць гадзін вечара — і падаў тэлеграму ад капітана Блемсберы.

Бельфаст разазваў канверт, прачытаў і ўскрыкнуў.

— Што такое? — крыкнуў Мастон.

— Снарад!