Старонка:З пушкі на Луну.pdf/414

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну!

— Упаў на Зямлю!

Пачуўся другі крык, падобны на выццё.

Бельфаст хутка абярнуўся і ўбачыў, што яго злашчасны таварыш, праз меру нахіліўшыся над металічнай трубой, знік у велізарным тэлескопе.

Падзенне з вышыні дзевяноста метраў!

Бельфаст разгубіўся, але інстынктыўна падбег да трубы рэфлектара.

Ён уздыхнуў вальней: Мастон, зачапіўшыся сваім металічным крукам, трымаўся за адну з унутраных падпорак тэлескопа. Шаноўны сакратар Пушачнага клуба страшэнна галасіў.

Бельфаст паклікаў памочнікаў, якія адразу прыбеглі і насілу выцягнулі неасцярожнага Мастона.

— Што калі-б я разбіў люстра, — сказаў ён, з’яўляючыся на верхнім канцы тэлескопа.

— Вы-б за яго заплацілі! — строга адказаў Бельфаст.

— Дык гэты пракляты снарад упаў? — запытаў Мастон.

— У Ціхі акіян!

— Едзем!

Праз чвэрць гадзіны Мастон і Бельфаст сходзілі з Скалістых гор, а пасля двух дзён язды прыбылі, адначасова са сваім прыяцелем з Пушачнага клуба, у Сан-Францыско, загнаўшы па дарозе пяцёрку коней.

Эльфістон, Блемсберы-брат, Білсбі пабеглі да іх насустрач.

— Што рабіць? — ускрыкнулі яны.

— Выцягнуць снарад, — адказваў Мастон, — і выцягнуць як мага хутчэй!