Старонка:З пушкі на Луну.pdf/371

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

другі за парабалу. І з таго і з другога боку доказы выкладваліся такой мовай, што Мішэль шалеў і падскокваў пры кожным іксе. Спрэчкі сапраўды былі гарачыя, і ні адзін з удзельнікаў спрэчак, здавалася, не меў намеру ўступіць свайму праціўніку тую крывую, якая прышлася яму па густу. Вучоныя спрэчкі цягнуліся так доўга, што Мішэль, урэшце, не сцярпеў.

— Даволі, панове косінусы[1]! — сказаў ён. — Ці перастанеце вы, нарэшце, лаяцца сваімі парабаламі ды гіпербаламі? Паслухайце-тка, я вам скажу, што мяне цікавіць у гэтай справе. Ну, дапусцім, снарад абавязкова паляціць або па парабале, або па гіпербале. А куды-ж гэтыя лініі нас прывядуць?

— Нікуды, — адказаў Ніколь.

— Як нікуды?

— Зразумела, нікуды, — сказаў Барбікен. — Гэтыя-ж крывыя не злучаныя: адросткі іх ідуць у бясконцасць.

— Ах, вучоныя! Ужо не ведаю, сапраўды, як вас не любіць! Ды што-ж нам да таго, ці паляціць снарад па парабале ці па гіпербале, калі і парабала і гіпербала аднолькава пацягнуць нас у нейкую невядомую бясконцую прастору!

Барбікен і Ніколь не маглі стрымацца ад смеху. Яны займаліся «мастацтвам для мастацтва», г. зн. справай цалкам бескарыснай. З усіх вучоных спрэчак урэшце выходзіла ўсё тая-ж злашчасная рэчаіснасць, — ці паляціць снарад па парабале ці па гіпербале, у тым і другім выпадку ён ніколі не сустрэнецца ні з Зямлёю, ні з Луною.

  1. Адзін з тэрмінаў трыганаметрыі.