Старонка:З пушкі на Луну.pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніна на ўсім лунным дыску; пасярод яго ўзвышалася цудоўная гара «Кеплер».

Крыху на поўнач знаходзіцца «Мора Дажджоў», маючае амаль круглую форму. Па берагах гэтага круга абрысоўваюцца тры залівы, даволі значных размераў: заліў «Знойны», «Расы» і заліў «Радуг» — гэта невялікія раўніны, сціснутыя між высокімі горнымі ланцугамі.

Паўднёвае паўшар’е, яшчэ больш дзівоснае, мае вялікую колькасць мораў, затое значна меншых размераў. На поўначы, па-першае, «Мора Холаду»; яно падыходзіць да «Возера Смерці» і да «Возера Сноў». Далей — «Мора Яснасці», «Мора Крызісаў», ахопленае горным ланцугом. Бліжэй да экватара — «Мора Спакою». Яно на поўдні злучаецца з «Морам Нектара», а на ўсходзе — з «Морам Урадлівасці», самым вялікім у паўднёвым паўшар’і.

Вось у якім выглядзе паўстала перад Ніколем і Барбікенам паверхня зямнога спадарожніка, якая рассцілалася перад іх вачыма. Калі яны падлічылі ўсе вымярэнні, аказалася, што хаця паверхня паўшар’я ў 13½ разоў меншая за паўшар’е зямное, усё-ж вучоныя налічылі на ім больш 50 000 кратэраў. Можна сабе ўявіць, як перакапана лунная паверхня. Барбікен, вядома, быў праў, паўтарыўшы тут вельмі непаэтычную мянушку «зялёны сыр», даную Луне англічанамі. Ардан нават падскочыў, пачуўшы ад старшыні Пушачнага клуба такую непахвальную назву.

— Ну, прызнаюся, — усклікнуў Мішэль, — добра называюць англасаксы ХІХ стагоддзя красуню Дыяну, залатакудрую Фебу, чароўную Ізіду, прыгожую царыцу ночы Астарту, дачку Латоны і Юпітэра, юную сястру прамяністага Апалона!..