Старонка:З пушкі на Луну.pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лід — не адхіліў іх ад першапачатковага шляху. Луна між іншым ужо прышла на месца, дакладна вызначанае Кембрыджскай абсерваторыяй. Месца вызначана было абсалютна верна. Назіральнік, размясціўшыся ў гэты час на дне велізарнай калумбіяды, убачыў-бы Луну проста над сабою. Калі правесці ваабражальную прамую лінію, называемую воссю гарматы, то працяг яе прайшоў-бы праз цэнтр Луны.

Зразумела, нашы падарожнікі ў гэту ноч, з 5-га на 6-ае снежня, не заплюшчвалі вачэй. Ды ці можна было спаць, знаходзячыся так блізка ад гэтага новага свету? Яны — прадстаўнікі Зямлі, і праз іх род чалавечы пранікаў у тайны невядомага свету. У моцным хваляванні яны моўчкі пераходзілі ад аднаго акна да другога.

Назіранні, якія рабіў пераважна Барбікен, праводзіліся вельмі дакладна; у гэтым ім дапамагалі падзорныя трубы, а праверкай назіранняў служылі карты.

Галілей быў першым назіральнікам Луны. У яго распараджэнні быў слабы тэлескоп, які павялічваў прадметы толькі каля 30 разоў. Не гледзячы на гэта, яму ўдалося распазнаць, што плямы, якія спярэшчваюць лунны дыск, «падобна вочкам, што ўсейваюць даўгі хвост павы», — не што іншае, як горы; ён змераў нават іх вышыні, якія, згодна яго разлікаў, аказваліся роўнымі адной дваццатай радыуса дыска, ці 8 800 метрам. Аднак, ён не пакінуў пасля сябе карты сваіх назіранняў.

Некалькі гадоў пасля таго данцыгскі астраном Гевелій даказваў, што вышыня лунных гор павінна быць меншай, іменна — менш адной дваццаць шостай луннага дыяметра. Ён-жа склаў і першую