Старонка:З пушкі на Луну.pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выгіны, спярэшчваючыя нязмерную прастору раўнін. Але ўсё гэта злівалася пры яркім сонечным асвятленні, і ледзь можна было адрозніць толькі тыя шырокія плямы, якія надаюць гэтаму светламу кругу падобнасць да чалавечага твара.

— Твар, ды і годзе, — сказаў Ардан. — Адно вельмі прыкра за любую сястру Апалона: рабаваты ён у яе!

Падарожнікі ўсё глядзелі бесперастанку на гэты, нікім нябачаны, зусім новы для іх свет. Выабражэнне заносіла іх то на высокія пікі, то ў глыбіню шырокіх цяснін. Там і сям здаваліся ім шырокія моры і струмені вады, якія прыносілі з гор пасільную даніну. Лунаючы над бяздоннем, яны спадзяваліся пачуць шум гэтага вечна маўклівага свяціла.

Апошні дзень пакінуў самыя моцныя ўспаміны. Ні адной драбніцы не згладзілася з памяці падарожнікаў. Няпэўная трывога авалодвала імі па меры набліжэння да мэты. Гэта трывога магла яшчэ больш ўзмацніцца, калі-б яны здольны былі адчуць, наколькі паменшылася скорасць руху снарада: скорасць здалася-б вельмі недастатковай для таго, каб ён мог даляцець да Луны.

У гэты час снарад ужо амаль нічога не важыў. Па меры аддалення ад Зямлі вага яго паступова змяншалася і павінна была стаць роўнай нулю ў тым пункце, дзе прыцяжэнні Луны і Зямлі роўны і, значыцца, уроўнаважваюцца.

Аднак, не гледзячы на ўсе трывогі, Ардан не забыў згатовіць снеданне са звычайнай акуратнасцю. Усе елі з вялікім апетытам. Снеданне сапраўды было на славу: смачней за гэты бульён, звараны пры дапамозе газа, і гэтае мяса ў кансер-