Старонка:З пушкі на Луну.pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і тут-жа ўпадзе; тут ты зноў бачыш, ператвараецца ў цеплыню. Снарад наш пры ўдары адразу страціў-бы ўсю скорасць свайго руху; з прычыны гэтага развілася-б цеплыня, здольная расплавіць яго ў адзін момант.

— А што, калі-б Зямля раптам прыпыніла свой паступальны рух? — запытаў Мішэль.

— Яе тэмпература ўзнялася-б да такой ступені, што планета адразу стала-б парай.

— Вось гэта прыемна! — ускрыкнуў Мішэль. — Гэта самы лепшы сродак разлічыцца са светам.

— А калі-б Зямля ўпала на Сонца? — запытаў Ніколь.

— Гэта крыху хітрэй, — адказаў прэзідэнт, — але і на гэты выпадак рабіліся вылічэнні; аказалася, што развілася-б цеплыня, якую могуць даць 1 600 шароў з вугалю, па аб’ёму роўных кожны зямному шару. Цяпер, сябры мае, вам зразумела, — казаў далей Барбікен, — што ўсякі адразу спынены рух дае цеплыню. На аснове гэтай тэорыі ёсць магчымасць дапусціць, што сонечная цеплыня падтрымліваецца балідамі, якія бесперастанку падаюць на яго паверхню, як град.

— А якая сонечная цеплыня? — спытаў Мішэль.

— Калі-б Сонца акружыць слоем вугалю, таўшчынёю ў 27 кілометраў, і гэты слой запаліць, то атрымалася-б цеплыня, якую мы цяпер атрымліваем ад сонца. Цеплыня гэта настолькі вялікая, што ёю можна за адну гадзіну ўскіпяціць два мільярды дзевяцьсот мільёнаў кубічных мірыяметраў[1] вады, — дадаў Барбікен.

— Як-жа яна нас не сасмажыць? — ускрыкнуў Мішэль.

  1. Мірыяметр — 10 кілометраў (мера мала ўжываецца).