Старонка:З пушкі на Луну.pdf/250

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ён ужо зусім падрыхтаваўся стаць на галаву.

— Не, не, — засупярэчыў Барбікен, — лепш за ўсё ляжам на бок. Лежачы на баку, мы лягчэй знясем штуршок. Заўважце, што ў той момант, калі ядро паляціць, ці будзем мы ўнутры ядра ці перад ядром, гэта амаль адно і тое-ж.

— Калі гэта амаль адно і тое-ж, то я зусім спакойны, — сказаў Мішэль Ардан.

—А вы, Ніколь, ухваляеце маю думку? — запытаў Барбікен.

— Цалкам ухваляю, — адказаў Ніколь. — Застаецца яшчэ трынаццаць мінут з палавінаю.

— Гэты Ніколь не чалавек, — ускрыкнуў Мішэль Ардан, — а хадзячы хранометр, з секунднікам на васьмі каменях…

Але таварышы ўжо не слухалі яго; з непарушнай спакойнасцю яны заканчвалі апошнія зборы.

Гледзячы на іх з боку, іх можна было палічыць двух акуратных падарожнікаў, якія ўселіся ў вагон і стараюцца размясціцца як мага камфартабельней.

У снарад былі пакладзены тры тоўстыя, туга набітыя сеннікі. Ніколь і Барбікен выцягнулі іх на сярэдзіну рухомай падлогі. На гэтых сенніках падарожнікі павінны былі легчы за некалькі хвілін да стрэлу.

Неугамонны Ардан круціўся і кружыўся ў цеснай пастцы, як ён называў сваё памяшканне, звяртаўся да таварышоў, гаварыў з сабакамі.

— Эй, Дыяна, сюды! Спутнік! Спутнік! Ка мне! Харошыя сабакі! Цудоўныя сабакі! Мы з вамі навучым лунных сабак зямным прыгожым манерам! Мы адзначымся на Луне! Чорт вазьмі! Толькі-б нам назад вярнуцца, а ўжо мы напэўна прывязем